Павел Капуцкі

Павел Капуцкі - вядучы праектаў "Дзень спорту" на "Беларусь 1" і "Спорт-кадр" на "Беларусь 5".

Нарадзіўся 4 лютага 1990 года ў Маладзечне ў сям'і бухгалтара (мама) і чыгуначніка (бацька). З дзяцінства захапляўся спортам. Займаўся футболам і настольным тэнісам. Сачыў за трансляцыямі хакея, баскетбола, біятлона, "Формулы-1", увогуле, усяго спорту, які прапаноўваў тэлеканал "Лад".

У 2007 годзе паступіў на факультэт журналістыкі БДУ. З першага курса пазаштатна супрацоўнічаў з газетай "Спортивная панорама". У лістападзе 2008 года пачаў стажыроўку ў аддзеле спартыўнай інфармацыі Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі. З мая 2009 года - штатны супрацоўнік. У сакавіку 2012 года пераведзены з пасады рэдактара на пасаду карэспандэнта спецыяльнага. З лютага 2016 года аўтар і вядучы праграмы "Спорт-кадр" на "Беларусь 5". З жніўня 2017 вядучы праекта "Дзень спорту" на "Беларусь 1".

З месца падзей асвятляў Алімпіяды ў Сочы, Рыа-дэ-Жанэйра, Пхёнчхане, Еўрапейскія гульні ў Баку, чэмпіянат свету па футболе ў Расіі, этапы Кубка свету па біятлоне ў Нове-Места (Чэхія) і Рупальдынгу (Германія).

За час працы выступіў у якасці аўтара праекта "Нашы" (Спартак Мірановіч, Алег Дулуб, Дар'я Домрачава, Ігар Бокі і інш.), "Актуальнае інтэрв'ю", а таксама відэафільма, прысвечанага моладзевай зборнай Беларусі па футболе, якая прабілася на Алімпіяду ў Лондан, "88-мы. Алімпійскі".