Векавы рубеж

"Векавы рубеж" - тры фільмы мастацка-публіцыстычнага жанра вытворчасці Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Праект прысвечаны асаблівай даце - 100-гадоваму юбілею Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Журналісты АТН раскажуць гледачам гісторыю "зялёных фуражак" з моманту станаўлення да нашых дзён.

Кожны фільм - асобны этап з гісторыі пагранічнай службы. Здымачная група дэталёва пакажа будні абаронцаў айчынных граніц, раскажа аб цяжкасцях, з якімі ім прыходзілася сутыкацца ў розныя перыяды.

У праекце "Векавы рубеж" будуць паказаны толькі рэальныя падзеі, затрыманні і факты, якія сталі сёння часткай векавой гісторыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі. Варта адзначыць, што пры падрыхтоўцы фільма нага журналістаў упершыню ступіла на Пагранічны востраў - лапік беларускай зямлі, які ў 1941 годзе прыняў на сябе першы ўдар Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтага моманту тут не праводзіліся тэле- і кіназдымкі.

Праца над праектам пачалася ў студзені мінулага года. Здымачная група запісала дзясяткі інтэрв'ю з відавочцамі і экспертамі, перагледзела вялізную колькасць матэрыялаў беларускіх і расійскіх архіваў. Дапамогу праекту аказалі кампетэнтныя кансультанты, супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, ветэраны пагранічнай службы, кіраўнікі Пагранічнага камітэта розных гадоў - Аляксандр Паўлоўскі, Аляксандр Баечка, Ігар Рачкоўскі.

Аўтары праекта - спецыяльныя карэспандэнты АТН Аляксандр Харавец, Юрый Шаўчук і Аляксей Марцінёнак, рэжысёр - Аляксандр Ігначкоў.

 

Выпускі

Серыя трэцяя - "Перазагрузка"
Другая серыя - "Адраджэнне"
Серыя першая "Станаўленне"