Шляхта. Брутальная гісторыя

Шляхта. Брутальная гісторыя

23 чэрвеня на тэлеканале "Беларусь 3" адбудзецца прэм'ера гістарычнай сагі "Шляхта. Брутальная гісторыя". Гэта чарговая праца аўтарскага калектыву Агенцтва тэленавін на чале з Міхаілам Равуцкім з серыі нашумелых гістарычных цыклаў. Новы праект прысвечаны эліце нашых зямель - шляхце. Гэты тэрмін, на жаль, і сёння многія памылкова перакладаюць як "дваранства". Што зрабіць, бо цэлае пакаленне вырасла на падручніках, дзе наша гісторыя падносілася праз прызму расійскіх гістарыёграфаў. Калі ва ўсходняй суседцы дваране былі пры двары і былі падпарадкаваныя царуючым асобам, то наша шляхта, наадварот, нават выбірала караля ў часы Рэчы Паспалітай. Вылучалася саслоўе і сярод іншай заходняй арыстакратыі... Пра гэту і іншыя асаблівасці, якія робяць нашу шляхту свайго роду ўнікальнай, - у серыях сагі.
Не абыдзецца ў сазе і без "выкрыцця таямніц". Каму ж не хочацца дакапацца да ісціны? Без міфаў і легенд мінулае выглядае цьмяна, і на чым як не на іх рабіць турыстычны бізнес. Аказваецца, і стварэнне міфаў на пэўных гістарычных этапах камусьці было выгадна. І менавіта легенды аддалялі наступныя пакаленні ад гістарычнай праўды.
Адзначым таксама, што новы праект АТН напоўнены візуальнымі мастацкімі знаходкамі, а ўвесь графічны і анімацыйны дызайн - арыгінальная праца рэжысёра мінулых прэм'ер Марыі Жукавай.
Гістарычная сага "Шляхта. Брутальная гісторыя" будзе выходзіць на канале "Беларусь 3". Першую серыю гледачы ўбачаць 23 чэрвеня ў 19:10.
 

Выпускі