Здымкі візітовак для фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017"

Здымкі візітовак для фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" 01.08.2017

Інфармацыйнае паведамленне

Сёлета галоўная тэма візітовак - гэта шчырыя эмоцыі юных артыстаў, іх любоў і павага да беларускай культуры. Здымкі будуць праходзіць на працягу тыдня ў самых яркіх і маляўнічых культурна-гістарычных месцах краіны: Лошыцкім парку, Заслаўі, музейна-замкавым комплексе "Мір", музейным комплексе старажытных рамёстваў "Дудуткi", Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту (Азярцо).

"Мы працягваем тэму адраджэння беларускай культуры, якую пачалі яшчэ на адборы для дарослага "Еўрабачання-2017". Бо няма нічога больш шчырага, добрага і сумленнага, калі дзіця любіць і ведае культуру і гісторыю сваёй краіны і прапануе яе іншым. Праз музыку мы нясем беларускую культуру, злучаем мінулае і будучыню з сучаснасцю. Адна з фішак падчас здымак відэавізітовак - выкарыстанне квадракоптара. Ён будзе ўзлятаць высока да сонца, спускацца да артыста і зноў вяртацца ў неба. Гэта своеасаблівае адсыланне да сонечнай Грузіі, у якой пройдзе дзіцячае "Еўрабачанне-2017", - падзяліўся творчай задумай рэжысёр візітовак Юрый Ярошык.

Адзначым таксама, што фіналісты будуць прэзентаваць сябе ў народных і сучасных касцюмах з элементамі нацыянальнага арнаменту.

Знятыя візітоўкі будуць папярэднічаць выступленню юных артыстаў падчас фінальнага шоу, якое пройдзе ў форме гала-канцэрта 25 жніўня ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by.

Пераможца нацыянальнага адборачнага тура прадставіць Беларусь на Міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" 26 лістапада ў Тбілісі (Грузія).