Тэлеканалы медыяхолдынга да сезона 2017-2018 гатовыя!

Тэлеканалы медыяхолдынга да сезона 2017-2018 гатовыя! 18.09.2017

Прэс-рэліз

16 верасня ў эфіры канала "Беларусь 1" у фармаце шоу "Вялікае тэлебачанне. Новы сезон" адбылася прэзентацыя тэлевізійнага сезона 2017-2018. Тэлеканалы медыяхолдынга распавялі пра грандыёзныя прэм'еры і пазнаёмілі з абнаўленнямі папулярных і любімых гледачамі праграм.

"Беларусь 1"

logo_b1.jpgЗ 18 верасня ў эфіры "Беларусь 1" з'яўляюцца новыя лінейкі выпускаў навін. Зараз самую аператыўную інфармацыю пра Беларусь і падзеі за мяжой можна будзе даведвацца дадаткова ў 13:00 і 17:00.

Агенцтва тэленавін рыхтуе нямала прыемных сюрпрызаў у новым сезоне. Падчас мадэрнізацыі тэлевізійнай студыі "300 метраў" гледачоў чакаюць абнаўленні шматлікіх топавых праектаў АТН, што дазволіць вывесці іх на новы сучасны мастацка-тэхналагічны ўзровень.

У галоўнай інфармацыйнай беларускай праграме "Панарама" стартаваў новы праект АТН "Пра надвор'е", які прыйшоў на змену штодзённай рубрыцы "Надвор'е". Апроч звестак пра надвор'е на заўтра, гледачы будуць у курсе геамагнітнага становішча, часу ўзыходу і заходу Сонца, прыродных з'яў у свеце. Вядучая праекта "Пра надвор'е" - Святлана Панкратава.

Адметнасцю новага сезона закліканы стаць тэлевізійны праект для ўсёй сям'і "Шчаслівы вечар", першы выпуск якога выйшаў у эфір 16 верасня. Нагадаем, паводле ўмоў праекта, каб стаць удзельнікам, неабходна ў дзень эфіру сабраць 10 кодавых лічбаў і першымі назваць іх у парадку з'яўлення на экране па нумары тэлефона, які назавуць вядучыя праграмы Артур Шуляк і Марыя Багатыр. Першыя тры чалавекі, якія дазвоняцца і правільна назавуць кодавы нумар, стануць удзельнікамі наступнай праграмы, да якой ім трэба будзе падрыхтаваць творчы нумар і здзівіць усю краіну. Больш падрабязна аб праекце можна даведацца на сайце медыяхолдынга tvr.by.

З 21 па 26 верасня пройдуць тэлездымкі новага праекта для школьнікаў "Я ведаю!". Белтэлерадыёкампанія сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь дадуць магчымасць прадэманстраваць свае таленты і эрудыцыю ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" навучэнцам 5-11 класаў з усіх куткоў краіны. У інтэлектуальнай бітве выявіць сябе змогуць не толькі выдатнікі, але і самыя адважныя, знаходлівыя і кемлівыя школьнікі. Усяго ў тэлесезоне 2017-2018 запланавана 33 выпускі на некалькі этапаў для розных узроставых катэгорый. У фінальных гульнях праекта будуць вызначаныя 7 пераможцаў з кожнай заяўленай паралелі. Пераможцаў чакаюць дыпломы і каштоўныя падарункі не толькі асабістага характару, але і для ўсяго класа сваёй школы, адкуль прыедзе ўдзельнік.

У праграме для жанчын і пра жанчын "Дзень у вялікім горадзе" з'явіліся новыя рубрыкі і вядучыя. Beauty-эксперымент дазваляе змяніцца глядачкам праекта, а ў іншай рубрыцы адвакат Ала Камароўская дае юрыдычныя парады на вуліцах вялікага горада. У ток-шоу стала больш інтэрактыву, актыўныя інтэрнэт-карыстальнікі могуць не толькі ўдзельнічаць у конкурсах на старонках праекта ў сацыяльных сетках, але і прапаноўваць свае тэмы для выпускаў, тым самым удзельнічаць у стварэнні праграмы.

У канцы верасня на "Беларусь 1" стартуе трэці сезон папулярнага праекта "Трансфармацыя". Гледачы зноў змогуць сачыць за тым, як дзякуючы сіле волі, жаданню стаць лепш і, вядома, дапамозе прафесіяналаў чалавек можа літаральна зляпіць сябе. Удзельнікамі праекта стануць цалкам непадобныя людзі ад 18 да 36 гадоў з несумежнымі прафесіямі. Мама з дзіцем, вадзіцель таксі, вядомая кавээншчыца і іншыя ахвотнікі трансфармавацца ад выпуску да выпуску будуць змяняцца знешне і ўнутрана, даведвацца больш пра трэніроўкі і здаровае харчаванне. Аўтары праекта абяцаюць, што ў новым сезоне ў праекце з'явіцца новая дзяўчына-трэнер.

Праект "Пад ключ" закліканы змяніць не толькі самога чалавека, але і яго дом. Калі гледачы "Беларусь 1" збяруцца задумаць грандыёзную будоўлю з нуля, то галоўны тэлеканал краіны гатовы дапамагчы ім у гэтым. Неабходна толькі аддаць свой дом пад ключ вядучаму праекта Арцёму Рыбакіну, а што з гэтага атрымаецца, гледачы ўбачаць у новай праграме, калі ўключаць першую кнопку.

Працяглым праектам новага тэлесезона стане відэаэнцыклапедыя "Мая Беларусь". Цыкл міжпраграмных ролікаў не толькі распавядзе пра нашу краіну ў новых ракурсах гасцям рэспублікі, але і зацікавіць маляўнічымі незвычайнымі кадрамі саміх беларусаў. Каб даведацца пра Беларусь больш, зараз не трэба звяртацца ў бібліятэку або карыстацца электроннымі энцыклапедыямі, бо "Беларусь 1" прапаноўвае сваім тэлегледачам зручны і пазнавальны відэафармат. Гісторыя і сучаснасць, партрэты вядомых асоб і багацце нашай прыроды - у новым цыкле "Мая Беларусь".

У лістападзе да 135-годдзя двух найвялікшых пісьменнікаў - класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы - у эфіры тэлеканала з'явіцца знакавы дакументальны праект "Код нацыі".

"Беларусь 2"

logo_b2.jpgУ эфіры тэлеканала для ўсёй сям'і "Беларусь 2" ужо з'явіліся новыя рэаліці-шоу, якія радуюць гледачоў з аўторка па пятніцу ў 13:00 і 20:55. Стартаваў новы сезон уласнага праекта канала "Панаехалі 2. Канікулы ўсляпую". Арганізатары шоу выбралі па скайпе 13 найболей яркіх, амбіцыйных, непадобных адно да аднаго маладых людзей. Натуральна, прэтэндэнты на месцы фіналістаў (а іх у праекце дзесяць) чакалі патрапіць на астравы, але сутыкнуліся з няпростымі заданнямі, да якіх немагчыма падрыхтавацца загадзя...

Кожную сераду гледачоў здзіўляе рэаліці-шоу "Бітва салонаў" (Расія, 2015), у якім касметолагі, стылісты і іншыя спецыялісты праводзяць татальныя праверкі ў папулярных салонах прыгажосці. У чацвер "На нажах" (Расія, 2016-2017) сыходзяцца повары стратных рэстаранаў і шэф-повар Канстанцін Іўлеў, які спрабуе ім дапамагчы. У пятніцу чатыры закаханыя пары правяраюць свае адносіны ў трэвел-шоу "Лав лав кар" (Украіна, 2017) падчас падарожжа на аўтамабілях ад Будапешта да Венецыі.

Без новых рэаліці не засталіся і выхадныя дні. У суботу шоу "Навучы жонку руліць" (Расія, 2016) паказвае, на што гатовыя жонкі за рулём, каб атрымаць галоўны грашовы прыз, і на што могуць пайсці іх мужы, каб падрыхтаваць жонак да іспыту і пры гэтым захаваць лад у сям'і.

У сезоне 2017-2018 "Беларусь 2" узмацніў серыяльныя лінейкі. З аўторка па пятніцу ў 9:05 раніцай і ў 18:55 увечар гледачы сочаць за перыпетыямі серыяла для ўсёй сям'і "Помста" (Турцыя, 2013), а для моладзі ў 15:20 канал прапаноўвае серыял "Іх пераблыталі ў раддоме" (ЗША, 2011-2015).

Адразу пасля заканчэння кожнай серыі серыяла гледачоў чакае свежы выпуск моладзевага праекта "Пін_код". Аўтары правялі апытанне сярод падпісчыкаў афіцыйнай групы праграмы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" (больш за 18 000) і зараз па жаданні гледачоў праект выходзіць у эфір на гадзіну пазней. Прыхільнікаў "Пін_кода" чакаюць новыя тэмы, якія хвалююць школьнікаў: адносіны з аднакласнікамі і настаўнікамі, канфлікты бацькоў і дзяцей, уплыў сацыяльных сетак і інш. Нагадаем, праект інтэрактыўны, што дазваляе ў прамым эфіры знаёміцца з меркаваннямі гледачоў і адказваць на іх пытанні. Аўтары найбольш цікавых, глыбокіх і праблемных паведамленняў будуць запрошаныя ў студыю. Аўтары адзначаюць, што за час кожнага прамога эфіру ў тэматычны чат прыходзіць каля 200 паведамленняў не толькі ад школьнікаў, але і ад людзей старэйшага пакалення. У тэлесезоне 2017-2018 у "Пін_кодзе" будзе новае афармленне студыі і арыгінальная графічная ўпакоўка, а ў камандзе рулявых эфіраў з'явяцца новыя вядучыя.

Адна з галоўных прэм'ер "Беларусь 2" - праект "Камень, нажніцы, папера". Кожную нядзелю ў 17:40 карэспандэнты тэлеканала выконваюць розныя заданні, спаборнічаюць адно з адным і спрабуюць перацягнуць гледачоў на свой бок. Праект створаны ў гонза-стылі (апавяданне ад першай асобы) і з элементамі папулярных цяпер чэленджаў, калі блогеры робяць штосьці ў заклад. Заданні рэпарцёры размяркоўваюць, згуляўшы ў вядомую дзіцячую забаву "камень-нажніцы-папера". Аўтару рэпартажу можа выпасці выкананне самага нечаканага чэленджа: даведацца, дзе танней адпачыць - у Мінску або Смаргоні, хто хутчэй знойдзе працу - хіпстар-няўдачнік або прафесіянал з ідэальным рэзюмэ, але ў інваліднай калясцы і многае іншае.

Асаблівасць праекта - прамая сувязь з гледачамі, якія тут жа могуць знайсці аўтара ў сацыяльнай сетцы Instagram, каб задаць свае пытанні і прапанаваць заданне для наступнай праграмы.

"Беларусь 3"

belarus_3.jpgНовых праектаў стане яшчэ больш і на тэлеканале "Беларусь 3". Ужо паспелі спадабацца гледачам і працягнуць выходзіць у эфіры сацыякультурнага канала праграмы пра беларускую кнігу і айчынных пісьменнікаў. У эфіры выйшлі выпускі дакументальных праектаў "Запіскі на палях" і "Ліра".

Нагадаем таксама, што лінейка мастацкіх фільмаў на "Беларусь 3" у верасні складзеная пераважна з кінастужак паводле твораў класікаў беларускай літаратуры.

У новым сезоне тэлеканал не абмяжуецца літаратурай і звернецца да скарбніцы беларускай музыкі. У фондзе Белтэлерадыёкампаніі захоўваюцца незлічоныя багацці запісаў эстрадных выканаўцаў 70-80-х гадоў, з якімі гледачоў у суботу ў 11:00 будзе знаёміць новы праект "Беларусь як песня". Вядучы праграмы, народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў падзеліцца рэдкімі фактамі і малавядомай інфармацыяй, пра якую, магчыма, не чулі нават самыя адданыя прыхільнікі творчасці Уладзіміра Мулявіна і ансамбля "Песняры", ансамбля "Верасы", Віктара Вуячыча і многіх іншых.

"Беларусь 3" працягне радаваць сваіх гледачоў выдатнымі канцэртамі. Аматараў бардаўскай песні ў суботы чакаюць цікавыя канцэртныя праграмы пад агульнай назвай "Мелодыі лета - 2017", запісаных медыяхолдынгам у рамках VIII Міжнароднага музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка".

У нядзелі тэлеканал знаёміць гледачоў з лепшымі творамі сусветнага класічнага мастацтва ў праекце "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў". Прэм'ерны паказ оперы П'етра Масканьі "Сялянскі гонар" прайшоў у дэкарацыях Нясвіжскага замка. Зараз у гледачоў "Беларусь 3" таксама ёсць магчымасць не толькі ўбачыць яе тэлеверсію, але і даведацца гісторыю стварэння оперы. Балет кампазітара Адольфа Адана "Жызель" таксама будзе паказаны на фоне радзівілаўскага замка. Да гісторыі стварэння, лібрэта і нюансаў класічнага балета ў тэлеверсіі дадасца незвычайная атмасфера open-air-фестывалю.

Адной з музычных прэм'ер кастрычніка стане фальклорнае шоу "Хата на хату". Яшчэ не прайшлі тыя часы, калі нашы суайчыннікі збіраліся ўсёй сям'ёй і дружна запявалі ўпадабаныя песні. "Беларусь 3" вырашыў праверыць, якая з беларускіх сем'яў самая галасістая: з 7 кастрычніка кожную суботу дзве сям'і - "Хата на хату" - будуць спаборнічаць у вакальным майстэрстве.

"Беларусь 5"

belarus5.jpgУ эфіры спартыўнага тэлеканала "Беларусь 5" з'явіцца новы праект "Агнявая мяжа", прысвечаны біятлону. Праграма закліканая распавесці пра апошнія навіны сусветнага і беларускага біятлона і паказаць тое, што звычайна схавана ад вачэй тэлегледачоў. Эксклюзіўныя інтэрв'ю з легендарнымі лыжнікамі-стралкамі, меркаванні экспертаў і многае іншае чакае прыхільнікаў гэтага віду спорту.

22 кастрычніка свой чацвёрты дзень нараджэння спартыўны тэлеканал плануе адзначыць маштабным праектам - Кубкам пятага канала па баскетболе 3х3, які з гэтага года ўвайшоў у праграму летніх Алімпійскіх гульняў. Удзельнікамі васьмі каманд стануць зоркі беларускага баскетбола, вядомыя палітыкі і шоўмены, зоркі айчыннай эстрады і простыя балельшчыкі. Кожны паспрабуе свае сілы на пляцоўцы ў барацьбе за трафей.

На тэлеэкраны вернецца цыкл праграм, які карыстаўся поспехам у балельшчыкаў на шляху да Алімпіяды-2016, - "Трэніровачны дзень". У новым цыкле аўтары абяцаюць яшчэ больш шырока асвятліць падрыхтоўку беларускіх спартсменаў да галоўных спаборніцтваў. Праект пакажа не толькі трэнераў, але і сем'і спартсменаў, медыкаў, якія працуюць з атлетамі, і нават суддзяў.

У новым сезоне змянілася лінейка ўпадабаных гледачамі праграм. Зараз штотыдзень гледачы могуць сустракацца з Уладзімірам Навіцкім у рамках ток-шоу "Вялікі спорт" кожную суботу ў 13:35 і знаёміцца з жыццём дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ у праекце Андрэя Іванова "Гульні "на выраст" у пятніцу ў 15:35.

Апроч гэтага, у эфіры тэлеканала будзе яшчэ больш дакументальнага кіно, а таксама "Беларусь 5" пачне паказ мастацкіх фільмаў пра спорт.

"Беларусь 24"

logo_b24.jpgМіжнародны спадарожнікавы тэлеканал працягвае развіваць сваё вяшчанне. У новым сезоне замежных гледачоў чакаюць не толькі знаёмыя інфармацыйныя і аналітычныя праграмы, але і новыя праекты, якія дазволяць зірнуць на Беларусь з іншага боку.

У праекце "Погляд на Беларусь" у ролі экспертаў па нашай краіне выступяць самі іншаземцы. Серыя дакументальных нарысаў раскажа пра тых, хто прыехаў у Беларусь працаваць, вучыцца або проста падарожнічаць. Першае ўражанне аб нашай краіне і як яно змяняецца з гадамі? Чым Беларусь падобная да іншых краін і чым вылучаецца сярод іншых? У кожнага героя свая ўнікальная жыццёвая гісторыя і свой адказ на гэтыя пытанні.

Праграма "Гарады Беларусі" пазнаёміць нас з гісторыяй і сучаснасцю. Унікальнае фота і відэаматэрыялы, мясцовыя легенды і знакамітасці - усё самае цікавае пра беларускія гарады. Праект дасць адказ на пытанне, што можа зацікавіць замежных гасцей на нашых прасторах, і адкрые новыя факты пра знаёмыя населеныя пункты.

Круг тэм штотыднёвага праекта "24 пытанні" становіцца ўсё больш шырокім - ад палітыкі і міжнародных праектаў да спорту і мастацтва. Аўтары і вядучыя Аляксандр Мартыненка і Андрэй Крывашэеў запросяць сваіх суразмоўцаў на адкрытую гутарку аб уласных перакананнях, філасофіі, марах і ўчынках, якія вызначаюць іх жыццёвую пазіцыю. "24 пытанні" - гэта праграма пра сучасную Беларусь, амбіцыйныя, цікавыя праекты і таленавітых людзей.

Суботнія "Падзеі" будуць распавядаць пра самае галоўнае, што адбываецца ў жыцці нашай краіны - ад навін эканомікі да культуры - з меркаваннямі аналітыкаў і каментарыямі экспертаў.

"Беларусь 24" не толькі абнаўляе эфір, але і няўхільна пашырае сваю геаграфію. На сёння ахоп гледачовай аўдыторыі канала - больш за 297 мільёнаў чалавек. Нязменнай застаецца галоўная мэта "Беларусь 24" - інфармаванне аб падзеях і дасягненнях Беларусі і падтрыманне пазітыўнага іміджу краіны на міжнароднай арэне. Пры гэтым захоўваюцца асноўныя прынцыпы вяшчання - аб'ектыўнасць і актуальнасць інфармацыі, яе дакладнасць і своечасовасць.

І гэта далёка не ўсе сюрпрызы, якія падрыхтавалі для сваіх гледачоў каналы найбуйнейшага медыяхолдынга краіны. Падрабязнасці многіх праектаў яшчэ трымаюцца ў сакрэце, таму сачыце за эфірам і першымі даведвайцеся пра навінкі тэлесезона 2017-2018!