Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі пачнуць вяшчаць у HD з 2018 года

Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі пачнуць вяшчаць у HD з 2018 года 18.09.2017

Прэс-рэліз

У першым квартале 2018 года тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі пяройдуць на вяшчанне ў HD-фармаце з шырокім экранам 16:9, якое адпавядае сучасным тэлевізійным прымальнікам і паказвае больш яркую і якасную карцінку.

Галоўны медыяхолдынг краіны зараз праводзіць работы па забеспячэнні тэхнічнай магчымасці і падрыхтоўкі кантэнту для тэлебачання высокай дакладнасці (HDTV). Першымі маляўнічы і выразны малюнак у пачатку будучага года ўбачаць жыхары Мінска і Мінскай вобласці. Да восені 2018-га тэлебачанне ў фармаце HD распаўсюдзіцца па ўсёй Беларусі.

Увесь відэакантэнт тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі будзе стварацца ў фармаце высокай дакладнасці. Тэлегледачы змогуць глядзець у HD-якасці не толькі інфармацыйныя, аналітычныя і забаўныя праекты, але таксама дакументальныя і мастацкія фільмы.

На пачатку вяшчання тэлеканалаў у HD-фармаце аператары электрасувязі захаваюць таксама версіі ў стандартнай дакладнасці, яна па-ранейшаму будзе даступная гледачам эфірнага тэлебачання DVB-T, DVB-T2, кабельных сетак і сеткі IP-TV ZALA. Уладальнікі стандартнага экрана 4:3 змогуць самастойна выбіраць камфортны для сябе спосаб прагляду.