"Спецыяльны рэпартаж" у нябёсах - на тэлеканале "Беларусь 1"

"Спецыяльны рэпартаж" у нябёсах - на тэлеканале "Беларусь 1" 07.08.2017

Прэс-рэліз

8 жніўня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапануе новы выпуск летняга сезона праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "ПРАНЕБА". Гэтым разам гледачы даведаюцца, што вымушае дзяўчат памяняць касметычку на штурвал і як стаць чэмпіёнам свету па верталётным спорце, з’яўляючыся прадстаўніком моцнага полу.

Неба, верталёт і дзяўчаты сталі аднымі з герояў новага выпуску "Спецыяльнага рэпартажу". Некаторыя сумяшчаюць палёты на верталёце з паўсядзённай працай, а для іншых хобі перарасло ў сродак заробку. Не толькі дзяўчаты, але і пілоты з ліку моцнага полу распавялі карэспандэнтам АТН, колькі каштуе сёння адкрыць для сябе неба і не закрыць дарогу на зямлю.

"Спецыяльны рэпартаж" пакажа, як вядзецца падрыхтоўка да чэмпіянату свету па верталётным спорце, які ў наступным году пройдзе ў Беларусі. Героем выпуску таксама стане Максім Сотнікаў, які здзейсніў кругасветнае падарожжа на верталёце. Дарэчы, яго экіпаж стаў адным з пераможцаў цяперашніх спаборніцтваў у рамках фестывалю авіяцыйнага спорту #ПРАНЕБА.

Журналісты АТН пабывалі на аэрадроме ў Баравой, каб не толькі панаглядаць за спаборніцтвамі пілотаў, але і самім прыняць удзел у фестывалю.

"Наша здымачная група стала членамі экіпажа аднаго з верталётаў, які выконваў спаборніцкую дысцыпліну па развозцы грузаў, а таксама кіравала дронам на спаборніцтвах па дронрэйсінгу - новым відзе авіяцыйнага спорту. Не зусім удала, але ў цэлым гэта былі захапляльныя здымкі, і, думаю, тэлегледачы таксама будуць пад уражаннем", - спадзяецца аўтар фільма "ПРАНЕБА", журналіст Агенцтва тэленавін Вераніка Бута.

Фільм "ПРАНЕБА" гледачы "Беларусь 1" убачаць у аўторак адразу пасля "Панарамы".

Нагадаем, летні сезон арыгінальнага праекта АТН "Спецыяльны рэпартаж" выходзіць у новым фармаце, з арыгінальнай графічнай упакоўкай і крэатыўнымі рэжысёрскімі хадамі.