Радыё “Сталіца” адзначыць свой дзень нараджэння канцэртам “Рокавая моц!”

Радыё “Сталіца” адзначыць свой дзень нараджэння канцэртам “Рокавая моц!” 20.09.2017

Прэс - рэліз

23 верасня самае рокавае радыё Сталіца” ў самым рокавым клубе TNT Rock Club адзначыць свой дзень нараджэння на ўсю “Рокавую моц!”. Паддаваць агню ў гэты вечар будуць яскравыя беларускія гурты: “Мерада”, ZnaROCK, :B:N:, Aillion і Top Gun. Святочнага каларыту дададуць тэматычныя конкурсы, віктарыны, падарункі, карагоды, торт ды свечкі.

Радыё Сталіца Белтэлерадыёкампаніі - адзіная ў краіне цалкам беларускамоўная FM-радыёстанцыя. Пад дэвізам Слухай любімае! калектыў стварае інфармацыйныя, пазнавальныя і музычна-забаўныя праграмы, арыентаваныя на моладзь і прасунутых дарослых.

Асаблівы і падыход да музычнага напаўнення эфіру: падборка песень задаволіць як сталага меламана, выхаванага на класіцы заходняй рок-музыкі, так і маладога чалавека, які сочыць за айчыннымі і замежнымі навінкамі рока. Вялікая ўвага надаецца маладым беларускім музыкантам і аўтарам, якія працуюць у рок-стылістыцы. Менавіта таму свае 19 гадоў “Сталіца” адзначыць сапраўднай рок-феерыяй, назва якой “Рокавая моц!”.

Удзельнікамі канцэртнай праграмы стануць:

Мерада - гурт, які ўтварыўся ў Мінску ў 2013 годзе як беларускамоўны музычны праект. Яго стварылі былыя ўдзельнікі блюзавай каманды Steve Cramer BAND - сямейная пара Стыў і Ганна Крамер. Грунтуючыся на сусветных музычных традыцыях, яны імкнуцца да адраджэння духоўнасці, дабра і святла ў музыцы.

ZnaROCK - гэта шквал сонечнай энергіі. Музыканты калектыву развіваюцца ў кірунках ска-кантры, дыска-ска, ска-панка, акустык-ска і полькі-тапатухі.

:B:N: - рок-гурт з горада Бярозы. Першы вялікі поспех - кампазіцыя Вось такую б... атрымала прыз за Найлепшую лірычную песню на Рок-коле 2001. З таго часу :B:N: - хедлайнеры шматлікіх фестываляў.

Aillion - мінскі хэві-метал-гурт, які ўтварыўся ў сакавіку 2008 года па ініцыятыве чатырох былых удзельнікаў групы Стая.

Top Gun - забойны рок-бэнд з Мінска. Група працуе з 2010 года. За час сваёй дзейнасці музыканты паспелі выступіць на многіх буйных пляцоўках краіны. Яны нясуць весялосць, пазітыўную энергетыку, драйв і рок-н-рол.

Вядучым свята будзе Яўген Сокалаў (ZnaROCK).

Радыё Сталіца запрашае ўсіх адсвяткаваць дзень нараджэння на ўсю “Рокавую моц”! Пачатак свята - у 20:00. Уваход вольны.