Радыё "Беларусь" падвяло вынікі фотаконкурсу "Мая кніга для ўсяго свету"

Радыё "Беларусь" падвяло вынікі фотаконкурсу "Мая кніга для ўсяго свету" 03.08.2017

Прэс-рэліз

Міжнароднае радыё "Беларусь" медыяхолдынга назвала пераможцаў і прызёраў конкурсу творчых фотаработ "Мая кніга для ўсяго свету", прымеркаванага да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

У лютым Радыё "Беларусь" запусціла фотаконкурс, на які паступіла больш як 100 здымкаў з 11 краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. Сваёй любімай кнігай з усім светам падзяліліся слухачы з Беларусі, Расіі, Германіі, Кітая, Латвіі, Індыі, Егіпта, В'етнама, Польшчы, Інданезіі, Бангладэш. Большасць дасланых фатаграфій суправаджалася тэкставымі каментарыямі, што таксама ўлічвала журы пры выбары пераможцаў. Вызначальным пры падвядзенні вынікаў стала інтэрнэт-галасаванне ў спецыяльным раздзеле #booksgoglobal на сайце Радыё "Беларусь" www.radiobelarus.by. Усяго ў 12 турах конкурсу прагаласавала больш як 60 000 карыстальнікаў.

Найбольшую колькасць галасоў (7 583) набраў Яраслаў Янджэйчак з Польшчы, які і стаў пераможцам фотаконкурсу "Мая кніга для ўсяго свету". Зусім крыху адстаў немец Бернд Зайзер, які набраў 7 035 галасоў, а 3 месца - у яго земляка Дытмара Вольфа (3 470).

"Замежныя слухачы сваім удзелам у конкурсе паказалі цікавасць да кнігі ў розных кутках нашай планеты, даведаліся больш пра святкаванне 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Многія ўдзельнікі конкурсу ў каментарыях да фотаработ дзяліліся гісторыяй і традыцыямі кнігадрукавання ў сваіх краінах, дзякавалі Радыё "Беларусь" за магчымасць расказаць свету пра свае любімыя кнігі", - адзначыў галоўны дырэктар Міжнароднага радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч.

Пераможцы былі ўзнагароджаныя прызамі ад Белтэлерадыёкампаніі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая сёлета святкуе сваё 95-годдзе. Сярод прызоў - факсімільнае выданне самага старажытнага на тэрыторыі Беларусі буквара. Арганізатары таксама адзначылі падарункамі і памятнай промапрадукцыяй аўтараў фотаработ, якія набралі найбольшую колькасць галасоў у кожным асобным туры.