Яшчэ ёсць час, каб перадаць "фотапрывітанне" II Еўрапейскім гульням

05.11.2018

Прэс-рэліз

Міжнароднае радыё "Беларусь" Белтэлерадыёкампаніі сумесна з фондам "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" прадоўжылі тэрміны прыёму творчых фотаработ (сэлфі) на конкурс "Маё прывітанне II Еўрапейскім гульням" да 31 снежня 2018 года.

У 2019-м Мінск рыхтуецца прыняць найбуйнейшую кантынентальную спартыўную падзею года. Белтэлерадыёкампанія будзе шырока асвятляць мерапрыемствы міжнароднага спартыўнага форуму на ўсіх каналах і ўжо зараз падагравае цікавасць балельшчыкаў, тэлегледачоў і радыёслухачоў да гэтых спаборніцтваў. Улічваючы вялізную колькасць заявак на фотаконкурс "Маё прывітанне ІІ Еўрапейскім гульням" і вялікую актыўнасць удзельнікаў у сацыяльных сетках, арганізатары вырашылі прадоўжыць прыём заявак да канца гэтага года.

На сёння на конкурс паступіла больш як сотня здымкаў з 22 краін свету. Геаграфія "фотапрывітанняў" дзівіць: Алжыр, Бангладэш, Беларусь, Бразілія, В'етнам, Германія, Індыя, Італія, Емен, Канада, Кітай, Кыргызстан, Літва, Марока, Пакістан, Партугалія, Расія, ЗША, Таджыкістан, Украіна, Філіпіны, Фінляндыя. Заяўкі працягваюць паступаць, і асабліва ад беларусаў - дарослых і дзяцей, якія вядуць актыўны здаровы лад жыцця.

Фотаконкурс Маё прывітанне ІІ Еўрапейскім гульням

Любы ахвочы можа паўдзельнічаць у конкурсе, а заадно і прылучыцца да спартыўнага руху. Для гэтага неабходна да 31 снежня зрабіць здымак падчас заняткаў спортам або на фоне спартыўных аб'ектаў, размясціць на ім любым спосабам хэштэг #MINSK2019 і даслаць фота на электронную пошту: minskgames2019@gmail.com альбо прымацаваць яго да заяўкі на сайце радыё "Беларусь".

Конкурсныя сэлфі можна ўбачыць на тэматычнай старонцы сайта радыё "Беларусь" www.radiobelarus.by. У студзені 2019 года падчас другога этапу конкурсу на сайце пачнецца галасаванне інтэрнэт-карыстальнікаў за фатаграфіі, якія прайшлі адбор прафесійнага журы. Па яго выніках будуць вызначаныя 10 удзельнікаў, чые здымкі набралі найбольшую колькасць галасоў. У лютым пройдзе трэці (фінальны) этап, падчас якога журы вызначыць трох пераможцаў.

Іх чакаюць выдатныя падарункі - дыпломы ад Белтэлерадыёкампаніі, камплекты запрашальных білетаў на падзеі спартыўнай праграмы Еўрапейскіх гульняў і парадна-спартыўная экіпіроўка Нацыянальнай каманды Беларусі.