Тэлегледачы Першага канала ўбачаць канцэрты фестывалю "Маладзечна-2011"

22.08.2011

Прэс-рэліз2-4 верасня Першы канал пакажа тэлеверсію мерапрыемстваў ХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2011".Праграма фестывальных дзён, як і рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў, сёлета прысвечана 70-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна.


Прэс-рэліз


2-4 верасня Першы канал пакажа тэлеверсію мерапрыемстваў ХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2011".
Праграма фестывальных дзён, як і рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў, сёлета прысвечана 70-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна. Гледачоў Першага чакаюць  цікавыя канцэртныя праграмы, якія пройдуць у новым гарадскім амфітэатры з глядзельнай залай на 2800 месцаў.
У пятніцу 2 верасня Першы пакажа канцэрт Мaladechno.Rok, у якім возьмуць удзел вядомыя беларускія рок-групы і выканаўцы.
3 верасня на Першым гала-канцэрт-адкрыццё ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, у рамках якога адбудзецца ўручэнне ўзнагарод і прызоў пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў "Маладзечна-2011". Прадоўжыць свята канцэрт "Лепшыя беларускія песні ХХ стагоддзя. Уладзімір Мулявін", падрыхтаваны Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга.
4 верасня ў эфіры Першага гала-канцэрт-закрыццё ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі з удзелам лепшых выканаўцаў і калектываў Беларусі: Ірыны Дарафеевай, ансамбля "Верасы", Іскуі Абалян, Аляксея Хлястова, групы "Харлі", дуэта "Аляксандра і Канстанцін", Алёны Ланской і іншых.
Тэлеверсію галоўных мерапрыемстваў фестывалю "Маладзечна-2011", прымеркаваную да Дня беларускага пісьменства, гледачы Першага канала змогуць паглядзець 2-4 верасня ў вячэрнім эфіры адразу пасля "Панарамы".
Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі распавядзе аб самым значным на фестывалі ў выпусках навін і спецыяльных прамых уключэннях.
Падзеі гэтага мерапрыемства будуць асвятляцца і ў рамках штодзённай ранішняй праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!". Акрамя таго, яшчэ да пачатку фестывалю ў спецыяльных сюжэтах праграмы гледачы змогуць пазнаёміцца з усімі ўдзельнікамі конкурсу маладых выканаўцаў "Маладзечна-2011".
Інфармацыйныя і музычныя праграмы  па асвятленні фестывалю запланаваны на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. 27 жніўня адбудзецца прамая трансляцыя канцэрта-адкрыцця. Фестывальным падзеям будуць прысвечаны спецыяльны выпуск праграмы "Добры дзень" (26 жніўня), тэматычныя перадачы "Музычны алімп" (27 жніўня), "Сем нот" (28 жніўня), а таксама інфармацыйныя выпускі на працягу дня.
Нагадаем, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі праходзіць раз у два гады з 1993 года. Ён унікальны тым, што тут гучыць толькі беларускае слова, шырока прапанавана нацыянальная паэзія і музыка розных пакаленняў. Галоўная ідэя фестывалю - далучэнне да нацыянальных каштоўнасцяў беларускай культуры, прапаганда роднай мовы і папулярызацыя твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, а таксама адкрыццё новых імёнаў. Арганізатарамі праекта з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, Мінскі аблвыканкам і Маладзечанскі райвыканкам.