Першы пакажа самы рэйтынгавы серыял аб медыцыне "Доктар Хаўс"

16.10.2008

Прэс-рэліз20 кастрычніка на Першым стартуе самы рэйтынгавы серыял аб медыцыне "Доктар Хаўс" ("House M.D.", ЗША, 2004-2008), які ў новым сезоне прадоўжыць папулярную сёння тэму ўрачоў і пацыентаў у вячэрняй серыяльнай лінейцы тэлеканала.


Прэс-рэліз


20 кастрычніка на Першым стартуе самы рэйтынгавы серыял аб медыцыне "Доктар Хаўс" ("House M.D.", ЗША, 2004-2008), які ў новым сезоне прадоўжыць папулярную сёння тэму ўрачоў і пацыентаў у вячэрняй серыяльнай лінейцы тэлеканала. Гісторыя пра эксцэнтрычнага геніяльнага ўрача Грэгары Хаўса і яго каманду карыстаецца вялікай папулярнасцю ў свеце і была неаднаразова адзначана прэстыжнымі кінаўзнагародамі "Эмі" і "Залаты глобус". Актуальная медыцынская тэматыка, дэтэктыўныя элементы ў сюжэце, выдатная ігра акцёраў, своеасаблівы гумар, саундтрэк з кампазіцыямі сусветных зорак - усё гэта чакае гледачоў Першага.
Доктар Хаўс (у выкананні англійскага акцёра Х'ю Лоры, які атрымаў за гэтую ролю "Залаты Глобус" у 2006 і 2007 гг.) - бліскучы спецыяліст у галіне захворванняў нырак (нефралогія) і інфекцыйных хвароб, але з-за некаторых асаблівасцяў характару яго нельга назваць любімцам пацыентаў і калегаў - ён замкнуты, рэзкі і цынічны, схільны да мізантропіі і бунтарства. Ён не абцяжарвае сябе правіламі добрага тону і часам здаецца, што ён цалкам пазбаўлены пачуцця спачування (што, аднак, не так). Лепш за ўсё гаворыць аб жыццёвай пазіцыі Хаўса цытата доктара Формана: "Ён не парушае правілы, ён іх ігнаруе"; а таксама яго любімае сцвярджэнне - "Усе хлусяць". Як ні дзіўна, менавіта гэты падыход нярэдка дапамагае яму разабрацца ў самых складаных і неверагодных выпадках, а значыць, выратаваць жыццё яшчэ аднаму пацыенту.
Яго асістэнты - маладыя і перспектыўныя ўрачы - імунолаг Элісан Кэмеран (Джэніфер Морысан), неўролаг Эрык Форман (Амар Эпс) і рэаніматолаг Роберт Чэйз (Джэсі Спенсер). У чацвёртым сезоне з'явяцца новыя асістэнты Трынаццатая (Рэмі Хадлі) (Алівія Уайлд), Лорэнс Катнер (Кал Пен) і Крыс Таўб (Пітэр Джэйкабсан).
Іншыя яго саратнікі - доктар Джэймс Уілсан, анколаг і, магчыма, адзіны сябар Хаўса (Роберт Шон Леанард), а таксама доктар Ліза Кадзі (Ліза Эдэльштэйн), эндакрынолаг і загадчыца бальніцы.
Хаўс часта выказвае глыбокае расчараванне ў людзях, але, магчыма, яго з'едлівасць тлумачыцца хранічным болем у назе (інфаркт чатырохгаловай мышцы правага бядра), з-за чаго ён ходзіць з кіем. Хаўс пастаянна прымае вікадзін ад болю ў назе, а таксама калі нейкая справа стамляе або раздражняе яго.
Большасць эпізодаў пачынаецца па-за сценамі Прынстан-Плейнсбара - клінічнай бальніцы, дзе працуе Хаўс. На пачатку эпізоду, як правіла, паказаны падзеі, што папярэднічаюць праяўленню сімптомаў у пацыента. На працягу эпізоду каманда ўрачоў спрабуе вызначыць хваробу, якая выклікала гэтыя сімптомы. Каманда ставіць дыягназ, выкарыстоўваючы метад дыферэнцыяльнай дыягностыкі, пры гэтым Хаўс кіруе абмеркаваннем.
Часта хваробу немагчыма адразу вызначыць, таму што пацыент схлусіў аб сімптомах і акалічнасцях (напрыклад, шлюбнай нявернасці), якія прывялі да невядомай хваробы, аб працы, што выклікала хваробу і г. д., паколькі пацыент, як правіла, не ўсведамляе важнасці ўтоенай інфармацыі. У сувязі з гэтым падчас абмеркавання Хаўс часта гаворыць "Усе хлусяць" ці "Пацыент хлусіць".
Нежаданне Хаўса выконваць абавязкі па працы ў клініцы - часты дадатковы сюжэт серыяла. У клініцы Хаўс працуе з пацыентамі ў сваёй звычайнай эксцэнтрычнай манеры, прапануючы нетрадыцыйныя метады лячэння і здзіўляючы пацыентаў хуткімі і дакладнымі дыягназамі пасля таго, як ён, здавалася, практычна не звяртаў на іх увагі. Пацыенты з клінікі часта становяцца мішэнямі фірменнай іроніі Хаўса.
Акрамя цікавых медыцынскіх выпадкаў (якія маюць рэальную медыцынскую падаплёку), у серыяле раскрываюцца адносіны Хаўса з калегамі і сябрамі. Са своеасаблівай жыццёвай філасофіяй і супярэчлівым абаяннем ён любіць выпрабоўваць людзей і назіраць за імі. Але людзі, у сваю чаргу, таксама ўплываюць на характар Хаўса. І як ён, які супрацьпастаўляе сябе навакольным, так і яны адкрываюць пры гэтым узаемадзеянні нешта новае для сябе.
Тэхнічны кансультант серыяла, доктар Ліза Сандэрс, вядомая сваёй медыцынскай калонкай у газеце "Нью-Йорк таймс". Менавіта артыкулы Лізы навялі Пола Атаназіо, аднаго з выканаўчых прадзюсераў, на ідэю серыяла аб медыцынскім расследаванні.
Нягледзячы на тое, што медыцына з'яўляецца важнай часткай серыяла, дзеянне звычайна факусіруецца менавіта на дэтэктыўным расследаванні. У прыватнасці, на незаконным пранікненні ў дамы пацыентаў у пошуках доказаў, якія могуць дапамагчы паставіць дыягназ. Звычайна пошукам доказаў займаюцца ўрачы, якія працуюць пад кіраўніцтвам Хаўса, але часам і сам Хаўс.
На пачатку некаторых серый можна ўбачыць некалькіх персанажаў, медыцынскія сімптомы якіх сведчаць аб тым, што, магчыма, ім наканавана стаць пацыентамі доктара Хаўса. І звычайна сур'ёзна хворым аказваецца той персанаж, сімптомы якога на першы погляд здаваліся нязначнымі.
У ролях: Х'ю Лоры (доктар Грэгары Хаўс), Ліза Эдэлстайн (доктар Ліза Кадзі), Амар Эпс (доктар Эрык Форман), Роберт Шон Леанард (доктар Джэймс Уілсан), Джэніфер Морысан (доктар Элісан Кэмерон), Джэсі Спенсер (доктар Роберт Чэйз).
Драматычны серыял "Доктар Хаўс" будзе дэманстравацца на Першым па буднях пасля праграмы "Панарама".