Пачаліся здымкі новага фальклорнага праекта "Спявае Беларусь"

19.10.2018

Прэс-рэліз

У лістападзе гледачоў тэлеканала "Беларусь 3" чакае яскравая і мілагучная прэм’ера сезона - праект "Спявае Беларусь", праз які традыцыйныя беларускія песні прагучаць на ўсю краіну.

Ці ведаем мы, якія песні спяваюць на Віцебшчыне альбо на Палессі, як яны гучаць на поўначы і на поўдні, ці зразумеем мы словы старадаўніх беларускіх песень розных рэгіёнаў нашай неабсяжнай краіны? Новы фальклорны праект "Спявае Беларусь" прэзентуе песенную мапу Беларусі ва ўсім харастве.

Начались съемки нового фольклорного проекта "Поет Беларусь"

Вядучыя праграмы - этнограф Ларыса Мятлеўская, вядомая гледачам з праектаў "Хата на хату" і "Беларуская кухня", і знакаміты этнахарэограф, даследчык беларускага народнага танца Сяргей Выскварка. Разам яны адправіліся ў падарожжа па Беларусі ў пошуках таленавітых фальклорных калектываў, а фалькларыст Іван Крук падрыхтаваў шмат займальных гісторый пра істотныя сімвалы жыцця вясковых жыхароў, звязаныя з імі традыцыі, прыкметы і падзеі: напрыклад, што такое чырвоны кут і што сімвалізуе парог, дзеля чаго ў хаце вісела падкова і дзе павінен стаяць стол.

Першы выпуск народнага праекта ўжо зняты, і пачнецца музычная экскурсія з гарадскога пасёлка Міханавічы Мінскага раёна, дзе свой самабытны талент прадэманструе тэлегледачам фальклорны калектыў "Калыханка".

"Калыханка" и ведущие проекта "Спявае Беларусь"

Асаблівасць новага праекта яшчэ і ў тым, што тэксты песень нашай краіны стануць зразумелымі і даступнымі для кожнага гледача пры дапамозе караоке-цітраў. Аўтары праграмы ўпэўненыя: спяваць будзе ўся Беларусь!