На сайце Белтэлерадыёкампаніі з'явіўся "PR-каляндар"

02.10.2018

Інфармацыйнае паведамленне

Да 15-годдзя аддзела "Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі" на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by запушчаны новы раздзел - "PR-каляндар". Гэты праект, распрацаваны прэс-службай сумесна з галоўнай дырэкцыяй інтэрнэт-вяшчання кампаніі, паслужыць напамінам гледачам і калегам пра значныя юбілеі ўпадабаных праграм, пра даты прэм'ер новых шоу, пра дні нараджэння вядомых медыйных персон.

Сёлета інтэрнэт-карыстальнікі ўжо мелі магчымасць ацаніць новую ўпакоўку сайта Белтэлерадыёкампаніі. Ён стаў больш зручны і мабільны: зараз, зайшоўшы на галоўную старонку, можна адным клікам азнаёміцца з праграмай перадач тэлевізійных каналаў або паглядзець іх у прамым эфіры, скарыстаўшыся гарачай кнопкай "Анлайн-вяшчанне". На сайце пастаянна абнаўляецца стужка інфармацыйных і анансуючых банераў, дзякуючы якім гледачы даведваюцца пра важныя падзеі кампаніі і гучныя прэм'еры. Сайт медыяхолдынга штодня папаўняецца новымі відэа- і фотаматэрыяламі, у тым ліку падрыхтаванымі прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі. З прэс-рэлізамі, афіцыйнымі каментарыямі і інфармацыйнымі паведамленнямі, як і раней, можна азнаёміцца ў раздзеле "Навіны кампаніі".

Сайт www.tvr.by працягвае развівацца, з'яўляюцца новыя раздзелы і рубрыкі. Праект "PR-каляндар", акрамя звычайнага віртуальнага календара ў выглядзе табліц на год, месяц, тыдзень, яшчэ знаёміць карыстальнікаў з памятнымі датамі ў жыцці кампаніі, юбілеямі медыйных персон, тэлевізійнымі і радыёпрэм’ерамі ў канкрэтны дзень. Так, у кастрычніку, акрамя 15-годдзя прэс-службы медыяхолдынга, свае дні нараджэння адзначаюць тэлеканалы "Беларусь 5" і "Беларусь 4. Гродна", праграмы "Я ведаю!" на "Беларусь 1", "Капейка ў капейку" на "Беларусь 2", "Музеі Беларусі" на "Беларусь 3" і "Трэніровачны дзень" на спартыўным канале кампаніі.

З часам актыўныя гіперспасылкі дазволяць і з дапамогай раздзела "PR-каляндар" пераходзіць на відэаанонсы, старонкі каналаў і праграм, каб больш падрабязна азнаёміцца з інфармацыяй аб праектах і іх вядучых. Безумоўна, каляндар будзе дапоўнены новымі праектамі, што стартавалі ў вяшчальным сезоне 2018/2019.

Белтэлерадыёкампанія спадзяецца, што дзякуючы актыўнасці інтэрнэт-карыстальнікаў "PR-каляндар" стане інтэрактыўным - з'явіцца зваротная сувязь, і віншаванні ад падпісчыкаў напоўняць сацыяльныя сеткі, друкаваныя і інтэрнэт-выданні.