"Мінск-Арэна" ператвараецца ў рэпетыцыйную базу дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018"

07.11.2018

Інфармацыйнае паведамленне

Зусім хутка спартыўнае ядро "Мінск-Арэны" ператворыцца ў рэпетыцыйную базу дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". 5 лістапада там пачалося абуладкаванне асноўных пляцовак форуму, бо ўжо за тыдзень да галоўнага шоу ў Беларусь прыляцяць дэлегацыі краін-удзельніц.

Тэхнічная каманда Белтэлерадыёкампаніі ўжо завезла спецыяльнае абсталяванне ў спартыўны комплекс "Мінск-Арэна" і пачала яго ўсталёўку. Неўзабаве будуць праведзены работы па арганізацыі падвесаў на вантавую столевую канструкцыю, па мантажы светлавога, гукавога і святлодыёднага абсталявання. Спарткомплекс ператворыцца ў сонечную сістэму дзіцячага "Еўрабачання-2018". Напрыклад, грын-рум будзе нібы лунаць у зорным небе, а купал арэны аформяць спецыяльнымі спраектаванымі шмат'яруснымі святлодыёднымі люстрамі.

Таксама прафесіяналы медыяхолдынга пачалі вытворчыя работы па дэкарацыйным сцэнічным афармленні. Нагадаем, вялікая і малая сцэны дзіцячага "Еўрабачання-2018" будуць звязаныя адзіным мостам, а доўгія подыумы праз танцпляцоўку будуць праходзіць у залу для гледачоў. Стылізаванымі пад зорнае неба будуць таксама прэс-рум, індывідуальныя грымёркі і вялікі агульны хол.

Бліжэй да конкурсу на тэрыторыі спарткомплекса "Мінск-Арэна" вырасце цэлы горад са сваёй інфраструктурай. Стаць паўнапраўным жыхаром гэтага горада можна, калі набыць білеты на генеральную рэпетыцыю 24 лістапада і фінальнае шоу 25 лістапада.

Падрабязней пра тое, як праходзіць мантаж сцэны і мантаж абсталявання, можна даведацца з дзённікаў дзіцячага "Еўрабачання-2018". Дзённікі Light up! выходзяць на "Беларусь 1" у будныя дні перад "Панарамай" у 20:55, а ў нядзелі ў вялікім фармаце - у 20:15.

Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).