Гледачы "Добрай раніцы, Беларусь!" першымі даведаюцца пра самыя яркія навінкі тэлесезона

26.09.2018

Прэс-рэліз

1 кастрычніка ў ранішняй папулярнай праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" пра навінкі тэлевізійнага сезона 2018/2019 раскажуць кіраўнікі каналаў, аўтары і вядучыя праектаў. У госці на ранішнюю каву да вядучых першага ў новым тэлесезоне выпуску "Добрай раніцы!" Дзяніса Дудзінскага і Святланы Бароўскай зазірне і Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

З аднымі праектамі ў эфіры тэлеканалаў медыяхолдынга гледачы ўжо паспелі пазнаёміцца, з другімі іх чакае сустрэча ў выхадныя дні, а трэція яшчэ рыхтуюцца да прэм'ернага паказу. У панядзелак гледачы "Беларусь 1" з першых вуснаў даведаюцца, якія навінкі, сюрпрызы і фішкі падрыхтавалі тэлевізіёншчыкі для сезона 2018/2019.

На першай кнопцы можна будзе ўбачыць анонсы новых праектаў усіх тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі. Аўтары абяцаюць здзівіць гледачоў арыгінальным творчым падыходам і крэатыўнымі ідэямі.

Агенцтва тэлевізійных навін прапануе серыю ролікаў да 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў "Беларусь памятае". Аўтары "Дзённікаў “Еўрабачання", праекта "Жанчыны і спорт" і фільма "Цар-пушча" распавядуць пра асаблівасці здымак і пра тое, што звычайна застаецца за кадрам.

Вядучы "Добрай раніцы!" Яўген Перлін у гэты дзень таксама стане госцем эфіру і раскажа пра старт новага інфармацыйнага late night show "Макаёнка, 9".

Творчая група тэлеканала "Беларусь 2" раскрые даты прэм'ер новых праграм уласнай вытворчасці "Да пабачэння" і "Сямейныя гісторыі".

Аўтар праекта "Суразмоўцы" на "Беларусь 3" Навум Гальпяровіч пазнаёміць з гасцямі будучых эфіраў, а стваральнікі праграм "Жывая культура" і "Артэфакты" падзеляцца тэмамі новых займальных расследаванняў.

Пазнаёмяцца гледачы і з вядучай праекта "Матч-пойнт" на спартыўным канале Дарынай Запольскай, а дырэктар "Беларусь 5" Павел Булацкі раскажа пра новы інтэрнэт-канал, вяшчанне якога таксама пачынаецца 1 кастрычніка.