Эксклюзіўныя кадры да юбілею Нацыянальнай акадэміі навук - у праекце “Навукаманія” на “Беларусь 3”

06.11.2018

Прэс-рэліз

10 і 17 лістапада гледачоў сацыякультурнага канала чакаюць спецвыпускі праекта “Навукаманія” да 90-годдзя з дня заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Калі тэлегледачы яшчэ ўпэўненыя, што ўсе таямніцы гісторыі беларускай навукі ўжо адкрыты, то творчая група праекта “Навукаманія” паспрабуе іх пераканаць. З нагоды вялікага юбілею Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - 90 год з дня заснавання - тэлеканал падрыхтаваў спецвыпускі навукова-папулярнай праграмы.

У першым выпуску “Навукаманіі”, які тэлегледачы ўбачаць ужо 10 лістапада ў 14:05, вядучая Кацярына Бірэцкая распавядзе пра гісторыю стварэння галоўнай навуковай установы краіны: чаму першымі кіраўнікамі беларускай Акадэміі навук былі менавіта гісторыкі, дзе працавалі беларускія навукоўцы падчас Вялікай Айчыннай вайны, як павінен быў выглядаць адзін с самых эфектных будынкаў сталіцы - будынак Акадэміі навук - паводле праекта першага архітэктара. Гледачоў чакае інтэрв’ю с дырэктарам Інстытута гісторыі на тэму супрацьстаяння спробам перапісаць нашу гісторыю, а таксама эксклюзіўны рэпартаж з галоўнага навуковага архіва краіны.

У другім спецыяльным выпуску “Навукаманіі”, які выйдзе ў эфір 17 лістапада ў 14:30, Кацярына Бірэцкая зверне ўвагу на развіццё беларускай навукі ў XXI стагоддзі і разам з тэлегледачамі нават зазірне ў будучыню. Дзякуючы сучасным навуковым распрацоўкам сёння гэта таксама магчыма. У праграме эксклюзіўнае інтэрв’ю са старшынёй прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым - вядучая пагутарыць з ім пра новыя распрацоўкі, статус беларускай навукі ў свеце, праблемы кадраў і ўкаранення навуковых даследаванняў у вытворчасці. Акрамя таго, гледачоў чакае знаёмства з адзінай у Беларусі жанчынай-акадэмікам і мноства нечаканых і цікавых фактаў.

Нагадаем, “Навукаманія” - адзіны тэлевізійны сумесны праект Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і тэлеканала “Беларусь 3”. Кожная праграма прысвечана аднаму з напрамкаў у беларускай навуцы.