Белтэлерадыёкампанія падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з агенцтвам Сіньхуа

10.09.2018

Інфармацыйнае паведамленне

10 верасня галоўную дырэкцыю міжнароднага вяшчання (радыё "Беларусь") Беларускага радыё наведала дэлегацыя журналістаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Падчас афіцыйнага візіту было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь і прадстаўніцтвам "Маскоўскае бюро кітайскага інфармацыйнага агенцтва Сіньхуа".

Сіньхуа - афіцыйнае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ўрада КНР і найбуйнейшы цэнтр інфармацыі і прэс-канферэнцый, іншая назва - кітайская служба навін. Агенцтва было заснавана 7 лістапада 1931 года, галоўны офіс знаходзіцца ў Пекіне, а за межамі Кітая дзейнасць ажыццяўляюць 180 карэспандэнцкіх пунктаў. 24 гадзіны за суткі Сіньхуа перадае інфармацыю ў кожны куток планеты на розных мовах, у тым ліку на рускай. А міжнароднае радыё "Беларусь" вяшчае на 9 мовах, у тым ліку з 2013 года - на кітайскай.

Соглашение-с-Синьхуа

У перамовах і цырымоніі падпісання пагаднення, якая прайшла сёння ў Доме радыё, прынялі ўдзел галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання (радыё "Беларусь") Навум Гальпяровіч, дырэктар Азіяцка-Еўрапейскага бюро агенцтва Сіньхуа Фань Вэйга і шэф-карэспандэнт мінскага карпункта агенцтва Вэй Чжунцзэ, кіраўнікі падраздзяленняў радыёстанцыі "Беларусь" і члены кітайскай дэлегацыі.

Соглашение-с-Синьхуа

Пагадненне прадугледжвае ўмацаванне супрацоўніцтва ў галіне інфармацыйнага абмену. Адным з пунктаў у дамове з'яўляецца стварэнне на сайце www.radiobelarus.by спецыяльнай рубрыкі "Акно ў Кітай", у якой будуць публікавацца актуальныя навіны аб супрацоўніцтве Беларусі і Кітая. Таксама бакі дамовіліся аб сумесных праектах і рэпартажах.

Соглашение-с-Синьхуа

Падчас візіту журналісты з КНР пабывалі ў студыях Беларускага радыё, пазнаёміліся з калектывам Міжнароднага радыё "Беларусь" і абмяняліся з калегамі вопытам працы.