Белтэлерадыёкампанія аб'яўляе аб пачатку кастынгу тэлевядучых

01.06.2018

Прэс-рэліз

Галоўны медыяхолдынг краіны працягвае шукаць новых вядучых для тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3", "Беларусь 4", "Беларусь 5", "Беларусь 24" і "НТБ-Беларусь". Запрашаюцца мэтанакіраваныя, таленавітыя і харызматычныя людзі, якія жадаюць пастаянна ўдасканальвацца і дарыць тэлегледачам добры настрой.

"Мы працягваем шукаць новыя твары, таленавітых людзей, адораных, поўных упэўненасці і жадання праявіць сябе ў новых праектах Белтэлерадыёкампаніі. Кастынг плануецца праводзіць пастаянна для фарміравання банка даных вядучых. Па меры паступлення заявак адбіраць кандыдатаў будзе спецыяльная камісія ў складзе кіраўнікоў тэлеканалаў і тэлевізійных прафесіяналаў медыяхолдынга", - расказаў кіраўнік праекта "Кастынг вядучых", намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 1" Сяргей Шышко.

Удзельнікамі кастынгу могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Узрост - ад 16 гадоў.

Асноўныя патрабаванні да кандыдатаў: добрая дыкцыя, валоданне беларускай і рускай мовай, тэле- і фотагенічнасць, прыемная знешнасць, харызматычнасць, уменне хутка запамінаць тэкст і імправізаваць.

Для ўдзелу ў кастынгу неабходна запоўніць анкету і заяўку ўдзельніка па формах, размешчаных на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by ў раздзеле "Кастынг" (тут жа можна азнаёміцца з палажэннем аб правядзенні кастынгу вядучых), і накіраваць гэтыя дакументы на электронную пошту tvr@tvr.by альбо лістом па адрасе: 220114, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9 з пазнакай "Кастынг вядучых".

Сустрэчы прэтэндэнтаў з прафесійным журы будуць праходзіць у Белтэлерадыёкампаніі (г. Мінск, вул. Макаёнка, 9) па меры назапашвання анкет-заявак.