"Беларусь 2" раскажа "Сямейныя гісторыі"

25.09.2018

Прэс-рэліз

2 кастрычніка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2" стартуе прэм'ера - дакудраматычны серыял вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Сямейныя гісторыі". Аўтары цыкла прапаноўваюць тэлегледачам убачыць жыццё рэальных людзей і яшчэ раз пераканацца ў тым, што ўсё таемнае становіцца відавочным.

Каханне, рэўнасць, здрады, адзінота, злачынствы і пакаранні, прыёмныя дзеці, несправядліва падзеленая спадчына - у родавым архіве кожнай сям'і беражліва захоўваецца не адзін дзясятак такіх гісторый. Але ўжо ў наступных пакаленнях гэтыя таямніцы могуць выявіцца самым непрадказальным чынам. Мы прывыклі берагчы нашы шкілеты ў шафе, але настае момант, калі іх назапашваецца вельмі шмат, і сакрэты пачынаюць масава вывальвацца з сямейнага сховішча.

У аснове кожнага фільма "Сямейных гісторый" рэальныя жыццёвыя аповеды. Гэта як натхняльныя гісторыі поспеху, так і сітуацыі, якія не маюць выйсця. Аўтары праекта сумесна з запрошанымі высокакваліфікаванымі спецыялістамі: псіхолагамі, педагогамі, юрыстамі, медыкамі - прапаноўваюць дастаць шкілеты з шафы і разабраць іх па костачках. Бо паглядзеўшы на праблемы іншых, лягчэй вырашыць уласныя, а часам і зусім пазбегнуць іх.

Кожны тыдзень тэлеканал "Беларусь 2" будзе дзяліцца з гледачамі чарговай сямейнай таямніцай, якую героі да пэўнага моманту дбайна спрабавалі схаваць.

Так, першая серыя цыкла "Сямейныя гісторыі" ўжо 2 кастрычніка ў 9:40 і 20:05 пасвеціць гледачоў у гісторыю звычайнай, на першы погляд, сям'і: маці, бацька і дачка-падлетак. Дачка да хрыпаты спрачаецца з бацькам наконт выбару прафесіі, якую той не прымае, маці спрабуе памірыць іх. Усё як ва ўсіх, але чарада выпадковасцяў выкрывае таямніцу, якую маці захоўвала 16 гадоў. Таямніцу, здольную перавярнуць усё іх жыццё. Узаемныя падазрэнні, папрокі і незадаволенасць выліваюцца ў падзеі, што паставілі пад пагрозу жыццё дачкі…

У другой серыі "Гісторый" у полі зроку акажуцца праблемы маладой жанчыны Агаты. Яна жыве з маці-тыранам, яе выкарыстоўвае эгаістычны шэф-кар'ерыст. Ці здолее Агата прайсці няпросты шлях ад шэрай мышкі, якую ўсе выкарыстоўваюць са сваімі мэтамі, да ўпэўненай у сабе маладой жанчыны, якая раптоўна адважылася на тое, каб поўнасцю змяніць сваё жыццё?! Даведаемся зусім хутка!

"Сямейныя гісторыі" - гэта насычаны сюжэт, напоўнены інтрыгамі, непрадказальнымі паваротамі падзей, і, вядома ж, нечаканай развязкай. Кожная серыя абяцае трымаць гледачоў у напружанні ўжо з першай хвіліны эфіру.

"Кожны фільм цыкла - гэта асобная, скончаная, рэальная гісторыя. Мы нічога не прыдумляем, у гэтым няма патрэбы: жыццё часам прапаноўвае настолькі закручаныя сюжэты, што фантазіі сотні сцэнарыстаў не хапіла б на такія павароты", - гаворыць аўтар і кіраўнік праекта Ксенія Луцкіна.

Дарэчы, жыццёвымі гісторыямі з творчай групай дакудраматычнага серыяла могуць падзяліцца ўсе, хто жадае. Для гэтага неабходна адправіць сваю сямейную гісторыю на электронную пошту istoriisemejnye@gmail.com. Лепшыя і самыя захапляльныя абавязкова экранізуюць!