15 кастрычніка ў Беларусь прыбыла каманда ЕВС

15.10.2018

Інфармацыйнае паведамленне

15 кастрычніка ў Беларусь прыбывае каманда Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, якая разам з экспертамі Белтэлерадыёкампаніі будзе працаваць над падрыхтоўкай галоўнага шоу дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".

Сёння ў Мінск прыедуць шоу-прадзюсар конкурсу Гордан Банела, рэжысёр тэлетрансляцыі Марэк Міл і тэхнічны дырэктар Тарма Крым, які пачне сваю працу з рознымі службамі "Мінск-Арэны". Уладкаванне пляцоўкі конкурсу пачнецца 5 лістапада, бо ўжо за тыдзень да шоу прыляцяць дэлегацыі краін-удзельніц. У іх графіку - запісы сумеснай песні, рэпетыцыі і экскурсіі.

Адзіны ўдзельнік, які прыедзе на дзіцячае "Еўрабачанне-2018" на аўтобусе, - гэта прадстаўнік Беларусі Даніэль Ястрэмскі. На рэпетыцыях ён удасканальвае выкананне новай версіі песні "Time". Яго трыумфальная кампазіцыя заззяла новымі фарбамі - спецыяльна да гала-канцэрта змянілася аранжыроўка. Канчатковая версія хіта ўжо даступная для праслухоўвання і запампоўкі на ўсіх лічбавых платформах.

Падпяваць Даніэлю можна будзе не толькі ля экрана тэлевізара, але і на "Мінск-Арэне". Праўда, прыхільнікам конкурсу варта паспяшацца, бо ўсе білеты ў залу для гледачоў на галоўнае мерапрыемства дзіцячага "Еўрабачання-2018" прададзеныя. Застаюцца толькі месцы на танцпляцоўку і на генеральны прагон, які цалкам ідэнтычны гала-канцэрту і таксама праходзіць у рэжыме лайв. Адрозненне толькі ў тым, што балы, якія выстаўляе журы падчас генеральнай рэпетыцыі, будуць аб'яўленыя ў прамым эфіры падчас фіналу.

Дарэчы, беларусы таксама змогуць падтрымаць Даніэля Ястрэмскага, прагаласаваўшы ў прамым эфіры і напярэдадні галоўнага шоу. Гледачы з любога пункта свету выкажуць перавагі ў Інтэрнэце. За 48 гадзін да пачатку трансляцыі на афіцыйным сайце конкурсу можна будзе вызначыць сваіх фаварытаў.

Нагадаем, арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).