15 гадоў разам з "Радыус FM"!

10.07.2018

Прэс-рэліз

12 ліпеня радыёстанцыі "Радыус FM", што ўваходзіць у структуру галоўнага медыяхолдынга краіны, спаўняецца 15 гадоў. У гэты дзень слухачоў чакае мора пазітыўных эмоцый і ўражанняў, выдатныя падарункі, цудоўны настрой і 100 % хітоў.

15 гадоў таму "Радыус FM" упершыню выйшаў у эфір, каб пасля назаўжды стаць адной з самых папулярных і любімых радыёстанцый у краіне. Старт быў настолькі ашаламляльным, што стаў сапраўдным пунктам адліку ў новай гісторыі музычнага радыёвяшчання Беларусі. А дзякуючы 30 перадатчыкам радыус выдатнага настрою ахоплівае больш за 98 % тэрыторыі краіны!

За гады працы фармат станцыі не раз мяняўся, і зараз "Радыус" - гэта сучаснае моладзевае радыё з самым свежым кантэнтам і разам з тым вядомы брэнд Белтэлерадыёкампаніі.

"Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што "Радыус FM" стаў неад'емнай часткай беларускай медыяпрасторы, годным узорам сусветна папулярнага вяшчальнага фармату Contemporary Hit Radio (CHR)", - гаворыць дырэктар радыёстанцыі Алена Трашчынская.

У эфіры "Радыус FM" выходзяць толькі самыя свежыя навіны, сюжэты пра музыку, кіно і падарожжы, гісторыі пра жывую прыроду, навуку і шоу-бізнес, актуальныя інтэрв'ю, кансультацыі, агляды і, вядома, папулярная музыка. Сусветныя хіты і лепшыя трэкі апошняга дзесяцігоддзя гучаць кругласутачна як у FM-дыяпазоне, так і анлайн у HD-якасці на сайце www.radiusfm.by

Маладая каманда таленавітых вядучых і дыджэяў станцыі ідзе ў нагу з часам і ведае, як гучаць стапрацэнтныя хіты. Пра калектыў "Радыус FM" і пра тое, што застаецца за эфірам, 12 ліпеня ў праекце "У тэме" распавядзе намеснік дырэктара радыёстанцыі Уладзіслаў Радзюкоў. Ён не па чутках ведае тых, хто кругласутачна зараджае краіну энергіяй і пазітывам.

Творчая каманда "Радыусу" нязменна адкрыта да зносін са слухачамі, гатова выслухаць іх пажаданні на сваіх старонках у сацыяльных сетках "ВКонтакте", "Одноклассники", Facebook, Instagram, а таксама на канале YouTube. Дарэчы, у афіцыйнай старонкі радыёстанцыі "ВКонтакте" больш чым 28 тысяч падпісчыкаў.

Распавядаючы аб сюрпрызах эфіру 12 ліпеня, Вадзім Шэпет, праграмны дырэктар радыёстанцыі, адзначыў: "У гонар свайго свята "Радыус FM" запускае акцыю "Хітовы дзень нараджэння". З сямі раніцы да пяці вечара ў эфір выйдуць 15 стапрацэнтных хітоў розных гадоў са спецыяльнай застаўкай. Задача слухачоў - адгадаць год выхаду песні і даслаць яго ў выглядзе SMS на кароткі нумар 3377. Кожную гадзіну двое шчасліўчыкаў, чые паведамленні акажуцца пятнаццатымі па ліку, атрымаюць класныя падарункі і запрашэнне наведаць ранішняе шоу на "Радыус FM". Таксама слухачоў чакае асаблівы эфір з гасцямі, падарункамі, вясёлымі вядучымі і лепшымі хітамі з сямі раніцы да дзвюх гадзін дня. Усё, што трэба зрабіць, - гэта настроіцца 12 ліпеня на любімую хвалю 103,7 і святкаваць разам з намі! Пятнаццаць гадоў трансфармацый і адкрыццяў у эфіры, пятнаццаць гадоў на музычнай хвалі. Але галоўнае - усё толькі пачынаецца!"