Прэс-рэліз
27 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі пакажа новы выпуск летняга сезона праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Зямля ранішняга сонца". У эфіры галоўнага канала краіны - Паўднёвая Карэя, краіна першароднай прыроды, чыстай вады, рознакаляровых гор і дзіўных звычаяў.
Паўднёвая Карэя - гэта краіна вечнай гармоніі, ранішняй свежасці, старажытнай мудрасці, неверагоднай працавітасці і адна з самых магутных мадэляў сучаснасці. "Зямлёй ранішняга сонца" яе называюць суседзі-кітайцы. Яшчэ да нашай эры яны абазначалі старажытную дзяржаву двума іерогліфамі: "чо" - раніца і "сон" - светлая.
Карэспандэнты АТН у фільме "Зямля ранішняга сонца" раскажуць пра сталіцу Карэі Сеул, яго гісторыю і такія славутасці, як, напрыклад, палац Кёнбакун. Аўтары фільма таксама пабываюць у Пусане, дзе пачуюць пра "людзей гор" і "людзей мора", і наведаюць "разумны горад" Сонгда, які з'яўляецца найбуйнейшым інвестыцыйным праектам у сферы нерухомасці.
"У Сонгда ўсе жылыя дамы, офісныя будынкі, медыцынскія ўстановы і ўрадавыя адміністрацыі аб'яднаныя ў адзіную інфармацыйную сетку. Дарожны рух рэгулюецца аддалена, а на пустэльных вуліцах з мэтах эканоміі аўтаматычна прыглушаецца святло. Смеццявозаў і вулічных бакаў у Сонгда няма: усе адходы прама з кватэр і офісаў засмоктваюцца ў сістэму падземных труб, дзе смецце сартуецца і перапрацоўваецца. За спраўнай працай сістэмы сочаць сем чалавек - і гэта ў горадзе з насельніцтвам больш чым 80 тысяч!", - распавяла пра "лічбавую архітэктуру" Сонгда аўтар фільма "Зямля ранішняга сонца", журналіст АТН Вольга Давідовіч.
Сёння Паўднёвая Карэя рыхтуецца да Алімпіяды-2018, і ўсе 12 арэн і буйных спартыўных комплексаў ужо праходзяць абкатку, у чым пераканаліся карэспандэнты АТН.
Фільм "Зямля ранішняга сонца" гледачы тэлеканала "Беларусь 1" убачаць у аўторак адразу пасля "Панарамы".
Нагадаем, летні сезон арыгінальнага праекта АТН "Спецыяльны рэпартаж" выходзіць у новым фармаце. Зараз гэта не проста журналісцкае расследаванне або аўтарскі погляд на актуальную тэму, а паўнавартаснае дакументальнае кіно з новай графічнай упакоўкай і цікавымі рэжысёрскім хадамі.












