Прэс-рэліз
25 ліпеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапануе новы выпуск летняга сезона праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Зялёнае святло". Гэтым разам гледачы даведаюцца пра выкарыстанне і розныя тэхналогіі вытворчасці рэгенератыўнай, зялёнай энергіі. Здымачная група АТН пабывае ўнутры найбуйнейшага беларускага ветрагенератара і адной з першых прыватных гідраэлектрастанцый, пакажа, як яны функцыянуюць і кім кіруюцца, а таксама высветліць, як гэта - жыць за кошт стыхіі - і хто дае бытавым адыходам другое жыццё.
У агульнасусветнай практыцы назіраецца тэндэнцыя да выкарыстання бяспечных для навакольнага асяроддзя крыніц энергіі: сонечнага святла, сілы ветру, воднага струменю, геатэрмальных рэсурсаў. Так, напрыклад, Данія імкнецца да амаль поўнага замяшчэння выкапнёвага паліва адносна чыстай і невычэрпнай энергіяй, якая выпрацоўваецца шматлікімі ветракамі па ўсёй краіне. Актуальны выпуск "Спецыяльнага рэпартажу" распавядзе пра вопыт і перспектывы функцыянавання і эксплуатацыі аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі.
Здымачная група пазнаёміцца з чалавекам, які прыручыў святло з дапамогай самаробных сонечных панэляў, пабывае ў сям'і, для якой ветракі даўно сталі асноўнай крыніцай электраэнергіі, сустрэнецца з інжынерам-энергетыкам, які ў адзіночку забяспечвае працу цэлай ГЭС. Таксама каманда адправіцца на сметнік вялікіх памераў, каб там пагаварыць са спецыялістамі па выпрацоўцы электраэнергіі са смецця.
"Эксклюзіўна для здымачнай групы адкрылі доступ на дах ветрагенератара. Прызнаюся, я баюся вышыні, але ўбачыць вялізныя лопасці ветрака за паўметра ад сябе - гэта захапляльнае відовішча! Размова ў нашым фільме пойдзе не толькі пра вецер, але і пра смецце. Як можна з яго атрымліваць энергію? І чаму небяспечна працаваць на такой вытворчасці? Увогуле, атрымаўся вельмі эмацыянальны матэрыял", - дзеліцца ўражаннямі аўтар фільма "Зялёнае святло" спецыяльны карэспандэнт АТН Дзмітрый Цітоў.
Фільм "Зялёнае святло" гледачы "Беларусь 1" убачаць у аўторак адразу пасля "Панарамы".













