"Званне за прызванне" - у эфіры "Беларусь 1"

31.07.2017
1 жніўня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапануе новы выпуск летняга сезона праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Званне за прызванне". 

Прэс-рэліз

1 жніўня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапануе новы выпуск летняга сезона праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Званне за прызванне". Карэспандэнты АТН распавядуць тры дзіўныя гісторыі пра людзей, якія не хапаюць зорак з неба і не чакаюць іх на пагонах, не здаюцца ў найскладанейшых сітуацыях і працягваюць упарта ісці да сваёй мэты, таму ў сваёй прафесіі яны заўсёды пад нумарам адзін.

У жыцці кожнага чалавека здараюцца пераломныя моманты, калі здаецца, усё ідзе наперакасяк: праблемы са здароўем, на працы, у асабістым жыцці. Але часам лёс зачыняе перад людзьмі дзверы толькі таму, што надышоў час стаць больш моцнымі і адважнымі - час рухацца далей. Найскладанейшыя выпрабаванні здараліся і з героямі новага выпуску "Спецыяльнага рэпартажу". Нягледзячы на няшчасці, яны знайшлі ў сабе сілы аднавіцца і пачалі жыццё нанова. Тры розныя чалавекі, тры лёсы, у якіх так шмат агульнага.

Гісторыя супрацоўніка "Стралы" Яўгена Гецікава, які выратаваў ад сутыкнення аўтобус з дзецьмі, але трапіў пад колы гіганцкага МАЗа, выклікае жах. Пасля аварыі ён ляжаў у бальніцы, дзе дактары літаральна збіралі яго па кавалачках, ён цудам выжыў і не толькі ўстаў на ногі і вярнуўся на службу, але і здабыў сямейнае шчасце. Сёння Яўген Гецікаў - старшы інспектар спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы "Страла" Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У выпуску "Званне за прызванне" Яўген распавядзе гледачам "Беларусь 1", што яму давялося перажыць і як ён, безнадзейны, перамог хваробу.

Гераіня другой гісторыі ў парашутны спорт прыйшла ў 16 гадоў, першы палёт настолькі ўразіў дзяўчыну, што яна вырашыла сур'ёзна і надоўга звязаць сваё жыццё з небам. Паступіла на службу ва Узброеныя Сілы Беларусі, прайшла доўгі шлях ад аматара парашутнага спорту да чэмпіёнкі свету. Перажыла страшныя выпрабаванні, калі двойчы пры скачку ў яе не раскрываўся парашут, калі кар'еры і жыццю спартсменкі мог прыйсці канец. Сёння Аксана Фаміна - ваеннаслужачая сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, майстар спорту міжнароднага класа, пераможца і прызёр вялікай колькасці прэстыжных міжнародных спаборніцтваў, член нацыянальнай зборнай па парашутным спорце. На яе рахунку - каля 12 000 скачкоў!

Таксама ў новым выпуску "Спецыяльнага рэпартажу" гледачы "Беларусь 1" пазнаёмяцца з адным з лепшых кінолагаў краіны, камандзірам аддзялення груп затрымання Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Якаўцам. Ён быў звычайным аматарам сабак, а стаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. Калі яго адданага сябра і калегу адправілі на заслужаны адпачынак, ён не толькі знайшоў у сабе сілы працягнуць сваю службу, але і змог стаць клапатлівым гаспадаром сабакі, якога палюбіў за доўгія гады сумеснай працы.

Выпуск "Званне за прызванне" праекта "Спецыяльны рэпартаж" гледачы тэлеканала "Беларусь 1" убачаць у аўторак адразу пасля "Панарамы".