Зорная прэм’ера ў тэатры Беларускага радыё

25.09.2018

Прэс-рэліз

29-30 верасня на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё адбудзецца прэм’ера радыёспектакля ў 2-х частках “Севярын і Гражына” паводле вядомай паэмы ў прозе Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”.

У цэнтры сюжэта - лёс таленавітага беларускага навукоўца Севярына Будрыса, якога хвалююць праблемы захавання ўсяго жывога на зямлі. У пошуках выйсця з душэўнага крызісу герой едзе на Далёкі Усход, дзе сустракае біёлага Гражыну Арсайлу. Дзякуючы ёй Севярыну адкрываецца дзівосны свет прыроды Прыморскага краю як вечны гімн жыццю, яго трываласці і неўміручасці. Кульмінацыяй радыёп’есы становіцца гісторыя кахання маладых людзей.

У галоўных ролях зорны склад выканаўцаў: апавядальнік - народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, Севярын Будрыс - артыст Аляксандр Малчанаў, Гражына Арсайла - артыстка Марта Голубева, у астатніх ролях - заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў і Валянцін Салаўёў, артыст Аляксандр Вергуноў.

Аўтарам інсцэніроўкі з’яўляецца Пятро Васючэнка, рэжысёрам пастаноўкі выступіў Алег Вінярскі. Гукарэжысёр радыёспектакля - Валерый Бяляеў, рэдактар і кіраўнік праекта - Галіна Шаблінская.

Прэм’ера радыёпастаноўкі “Севярын і Гражына” адбудзецца 29 і 30 верасня ў праекце “Тэатр Беларускага радыё”. Пачатак - у 22:05.

Нагадаем, што Першы нацыянальны канал Беларускага радыё можна слухаць у дыяпазоне FM, у лічбавым стандарце DVB-T, а таксама ў рэжыме рэальнага часу на сайце radio1.by. З праграмамі і навінамі канала можна азнаёміцца ў сацыяльных сетках Facebook, Twitter, “УКантакце”, “Аднакласнікі”, месенджары Viber і на відэахостынгу YouTube.