Беларусь 24" зноў прапануе гледачам наведаць фотавыставу, дзе мінчане і госці сталіцы змогуць убачыць унікальныя работы таленавітых фатографаў. Новы этап маштабнага праекта "Я сэрцам бачу" стартуе ў галерэі "Атрыум" Нацыянальнай бібліятэкі з 16 жніўня.
Ужо ў гэтым месяцы 40 новых захапляльных работ будуць прадэманстраваны ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі. Праект "Я сэрцам бачу", арганізаваны міжнародным спадарожнікавым тэлеканалам, даказаў, што адной выставы для паказу ўсёй прыгажосці нашай краіны яўна мала. Удзельнікі праекта ўжо паспелі заваяваць шматлікія сэрцы і сусветныя конкурсы сваімі здымкамі. У экспазіцыі будуць прапанаваны работы, адзначаныя National Geographic, The Daily Telegraph, 35 Аwards.
Непаўторнасць прыгажосці Беларусі праз аб'ектывы камер прадэманструюць 8 прафесійных фатографаў, якія працуюць у розных жанрах.
Улад Сакалоўскі, які спецыялізуецца на здымках незвычайных беларускіх краявідаў і дзікіх жывёлін у натуральным асяроддзі пасялення, чые работы не раз друкаваліся ў сусветных выданнях, пакажа дзікую і некранутую прыроду Беларусі. Кацярына Міціна, пераважным кірункам у фатаграфіі якой з'яўляецца здымкі дзяцей, распавядзе пра Беларусь ў шчырых усмешках і вялікіх вачах дзіцяці, што выклікае самыя трапяткія эмоцыі. Фатограф Юлія Войніч працуе часцей ў жанры макрафота, але на выставе выступіць у ролі сямейнага фатографа і раскрые свет сям'і і хатніх жывёлін праз фатаграфіі, гледзячы на якія адразу ўспамінаецца бестурботнае дзяцінства "ў бабулі ў вёсцы". У работах Дзмітрыя Важніка, які паднімаецца над горадам не радзей за пілотаў, каб паказаць Мінск з нечаканага ракурсу, можна ўбачыць яркія начныя агні, самыя знакамітыя будынкі горада, а таксама прыгажосць паркаў і архітэктурных ландшафтаў. Па фатаграфіях Арсенія Семянкова, які ўпэўнены, што наша краіна - гэта не толькі хрушчоўкі і замкі, цяжка пазнаць знаёмыя абрысы Мінска, бо нават звыклыя гандлёвыя цэнтры становяцца творамі сучаснага мастацтва на здымках таленавітага фотамастака. Кірунак Максіма Вейзэ - мінімалістычныя краявіды, якія дэманструюць усю прыгажосць беларускіх прастораў, ад якіх захоплівае дух. Рэпартажны фатограф Ілья Шырманаў сабраў самыя яркія эмоцыі беларусаў на галоўных фестывалях, грандыёзных канцэртах і спартыўных спаборніцтвах у нашай краіне. Тонкую мяжу паміж рэпартажнымі і пейзажнымі здымкамі прадэманструе Сяргей Гапон, за фотакадрамі якога хаваюцца цэлыя гісторыі. Ён пакажа беларускую глыбінку такой, якая яна ёсць, і жыхароў з іх штодзённымі клопатамі і думкамі, а сацыяльныя фатаграфіі без лішняй мішуры крануць сэрца сваёй шчырасцю.
Як і першы этап праекта "Я сэрцам бачу", другая выстава таксама прысвечаная Году малой радзімы. Фотагалерэя "Беларусь 24" дазволіць зірнуць на краіну з іншага ракурсу. У некаторых удзельнікаў ужо ёсць вядомыя многім "візітныя фотакарткі", зачапіўшыся поглядам за якія можна адкрыць для сябе неверагоднай прыгажосці партфоліа. З лепшымі работамі па-ранейшаму можна азнаёміцца на афіцыйным сайце міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала belarus24.by у раздзеле "Аб Беларусі", а таксама на афіцыйных старонках "Беларусь 24" у сацыяльных сетках.
Адзначым, што выстава арганізавана тэлеканалам "Беларусь 24" пры садзейнічанні Нацыянальнай бібліятэкі і тэхнічнай падтрымцы кампаніі Epson.













