Здымкі візітовак удзельнікаў "Еўрабачання-2017" будуць праходзіць у два этапы

14.03.2017
Сёлета здымкі візітовак удзельнікаў Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" будуць праходзіць у два этапы. На першым этапе частку візітоўкі зніме кожная тэлекампанія з 43 краін - удзельніц конкурсу. Другую частку картак арганізатары конкурсу будуць здымаць у маі, калі дэлегацыі ўсіх краін прыедуць у Кіеў.

Інфармацыйнае паведамленне

Сёлета здымкі візітовак удзельнікаў Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" будуць праходзіць у два этапы. На першым этапе частку візітоўкі зніме кожная тэлекампанія з 43 краін - удзельніц конкурсу. Другую частку картак арганізатары конкурсу будуць здымаць у маі, калі дэлегацыі ўсіх краін прыедуць у Кіеў. Галоўная тэма візітовак - гэта шчырыя эмоцыі артыстаў, якія і будуць у цэнтры ўвагі.

Аб гэтым з украінскай сталіцы паведаміла каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС) Вольга Саламаха, якая 13-14 сакавіка ў складзе афіцыйнай беларускай дэлегацыі прымае ўдзел у традыцыйнай і абавязковай сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін - удзельніц конкурсу "Еўрабачанне".

На сустрэчы беларуская дэлегацыя перадала арганізатарам увесь пакет матэрыялаў, неабходны для ўдзелу афіцыйнага прадстаўніка Беларусі ў міжнародным конкурсе.

У сваю чаргу, арганізатары азнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый з канцэпцыяй шоу і макетам сцэны, а таксама арганізавалі экскурсію па Міжнародным выставачным цэнтры - месцы правядзення конкурсу.

Прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі правялі перамовы з тэхнічнымі службамі па пытаннях пастаноўкі нумара, а таксама абмеркавалі з кіраўнікамі дэлегацый краін - удзельніц другога паўфіналу, у якім выступаюць нашы артысты, праграму ўзаемнага прамаціравання.

Нагадаем, фінал Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" адбудзецца ў Кіеве 13 мая, паўфіналы - 9 і 11 мая. Гурт NAVIBAND выступіць у другой частцы другога паўфіналу. Разам з нашымі канкурсантамі за выхад у фінал будуць змагацца выканаўцы з Македоніі, Мальты, Нідэрландаў, Сербіі, Даніі, Расіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Ірландыі, Швейцарыі, Эстоніі, Ізраіля, Балгарыі, Сан-Марына, Літвы, Харватыі, Нарвегіі.

Украіна будзе прымаць у сябе конкурс другі раз. Усяго ў песенным форуме возьмуць ўдзел 43 краіны.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".