"Забыць цябе не маю сілы": тэматычны эфір да 135-годдзя Якуба Коласа

25.10.2017
Услед за юбілеем Янкі Купалы і іншых вядомых дзеячаў айчыннага мастацтва тэлеканал “Беларусь 3” запрашае далучыцца да святкавання 135-годдзя таленавітага паэта і грамадскага дзеяча, генія вялікай і малой прозы - Якуба Коласа. 

Прэс-рэліз

Услед за юбілеем Янкі Купалы і іншых вядомых дзеячаў айчыннага мастацтва тэлеканал “Беларусь 3” запрашае далучыцца да святкавання 135-годдзя таленавітага паэта і грамадскага дзеяча, генія вялікай і малой прозы - Якуба Коласа. 3 лістапада эфір сацыякультурнага канала цалкам будзе аддадзены класіку: чытанне вершаў паэта маладым пакаленнем у спецыяльных відэароліках, тэлевізійныя версіі спектакляў, музычныя канцэрты, дакументальнае і мастацкае кіно паводле яго твораў. Падчас прагляду фільмаў гледачы змогуць актывізаваць функцыю схаванага субцітравання.

Kolas's-day-programme

Пра дзяцінства Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (сапраўднае імя Якуба Коласа) вядома з паэмы “Новая зямля”, пра маладосць і настаўніцкія будні - з трылогіі “На ростанях”, пра сталасць і мудрасць пісьменніка згадвалі яго сучаснікі, паплечнікі па пяру, якія і да гэтага часу разам з маладымі аўтарамі прысвячаюць класіку свае творы і навуковыя працы.

Тэлеканал “Беларусь 3” таксама прапаноўвае ўзгадаць пра жыццё і творчасць паэта ў дзень яго нараджэння.

Ужо традыцыйным стаў праект, у якім вершы юбіляра ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала выконваюць артысты тэатра і кіно. На гэты раз відэаролікі пад агульнай назвай “Мой Колас” прадэманструюць непарыўную сувязь пакаленняў, якую наладжвае творчая спадчына пісьменніка, і яго творы прачытаюць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і маладыя артысты.

Святочны эфір у 8:25 распачне мастацкі фільм “Першыя выпрабаванні” (“Беларусьфільм”, 1960) паводле аднаго з самых вядомых твораў Якуба Коласа “На ростанях”, у якім правобразам галоўнага героя - настаўніка Андрэя Лабановіча - з’яўляецца сам аўтар. Падчас прагляду стужкі гледачы змогуць скарыстацца схаванымі субцітрамі.

Пасля заканчэння фільма праграма “Сіла веры” прапануе адправіцца ў тыя мясціны, дзе адбылося хрышчэнне і вянчанне будучага Песняра. Праект адкажа на пытанне, што зараз адбываецца з гэтымі культавымі пабудовамі.

Новы выпуск праграмы “Майстры і куміры” на гэты раз будзе таксама прысвечаны Якубу Коласу. У госці да вядучай праекта Марыны Драгінай завітаюць сын паэта Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч і ўнучка Марыя Міцкевіч. Рэдкія архіўныя кадры з жыццяпісу пісьменніка можна будзе ўбачыць з каментарыямі нашчадкаў у 12:00.

У 12:55 і 21:35 “Беларусь 3” прапануе гледачам шматсерыйную кінастужку “Талаш” (“Беларусьфільм”, 2011) са схаванымі субцітрамі. Падзеі фільма паводле аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” адбываюцца ў канцы 1919 года. Васілю Талашу было далёка за семдзесят, калі бяда разам з Грамадзянскай вайной прыйшла ў яго сям’ю. Дзед Талаш узяў у рукі зброю не з палітычных перакананняў: яго роднаму сыну пагражала небяспека, і толькі ён мог яму дапамагчы. У безвыходным становішчы, калі дзіця трапіла ў рукі палякаў, бацька накіраваўся шукаць падтрымкі ў бальшавікоў…

У 16:25 “Беларусь 3” пакажа канцэрт “Купала і Колас. Вы нас гадавалі” заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраваннем народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга, запісаны Белтэлерадыёкампаніяй на фестывалі “Маладзечна-2017”.

Спектакль “Сымон-музыка” (Белтэлерадыёкампанія, 2015) Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы сацыякультурны канал прапануе ўвазе гледачоў у 17:50. “Беларусь 3” прапануе разам з героямі аднайменнай паэмы Якуба Коласа пашукаць месца творцы ў грамадстве.

Далей гледачы паспрабуюць прачытаць “Запіскі на палях” (Белтэлерадыёкампанія, 2017). У 21:05 чарговая серыя дакументальнага цыкла будзе прысвечана 135-годдзю Песняра, і з ёй таксама можна азнаёміцца з дапамогай схаваных субцітраў.

Увесь дзень 3 лістапада тэлеканал “Беларусь 3” запрашае пагартаць старонкі жыццяпісу Якуба Коласа і ўзгадаць яго неўміручыя творы.