За песні ІІ Еўрапейскіх гульняў можна прагаласаваць на сайце Белтэлерадыёкампаніі

30.07.2018

На афіцыйным сайце медыяхолдынга прапанавана 5 музычных кампазіцый фіналістаў конкурсу на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Кожны, хто пажадае, клікнуўшы па адпаведным банеры на www.tvr.by, можа праслухаць гэтыя творы і выбраць свайго фаварыта, а вынікі галасавання будуць улічаны прафесійным журы.

Праз год на абноўленым сталічным стадыёне "Дынама" будзе дадзены старт адной з найважнейшых спартыўных падзей кантынента. Нароўні з талісманам і лагатыпам спаборніцтваў адным з сімвалаў Еўрагульняў стане музычная кампазіцыя, якая прагучыць на цырымоніі адкрыцця ў Мінску.

Па выніках двух тураў конкурсу на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года прафесійным журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі Васіля Раінчыка былі адабраныя 5 твораў, якія найбольш адпавядаюць маштабу мерапрыемства, яго тэматыцы і значнасці.

Зараз чарга за беларускімі слухачамі, якія могуць зайсці на афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі і прагаласаваць за ўпадабаную кампазіцыю, паўплываўшы такім чынам на меркаванне журы.

Усяго на конкурс паступіла 18 заявак не толькі з Беларусі, але і з Малдовы, Аргенціны, Японіі. У фінал прайшлі наступныя песні: 1. "Winners" (муз. Л. Шырына, сл. А. Шырына); 2. "Champion" (муз. Д. Каракіна, У. Каракіна, сл. Д. Каракіна (група "Лайтсаунд"); 3. "Bright year, bright you" (муз. Я. Алейнікава, сл. С. Гераськовай); 4. "Хто, калі не мы" (муз. Д. Карпінчыка (Герман), сл. В. Дзумядзей); 5. "This land" (муз. Ю. Наўроцкага (Юзары), сл. Р. Калодкі).

Адзначым, што гэтае галасаванне не накіравана на канчатковы выбар варыянта-пераможца і носіць азнаямленчы характар. Вырашальнае слова застанецца за журы, бо ў яго складзе сапраўдныя прафесіяналы - вядомыя беларускія артысты, кампазітары і паэты, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Міністэрства спорту і турызму.

Нагадаем, ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску. У 15 відах спорту ў 23 дысцыплінах будуць разыграныя каля 200 камплектаў узнагарод.