Інфармацыйнае паведамленне
Каменціраванне другога паўфіналу Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017", у якім выступіць афіцыйны прадстаўнік Беларусі група NaviBand, пройдзе на беларускай мове.
Нагадаем, прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт медыяхолдынга tvr.by.
Каменціраваць галоўнае музычнае тэлевізійнае шоу Еўропы будзе журналіст Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Яўген Перлін.
Група NaviBand з кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" выступіць у другім паўфінале пад нумарам 14. Гэты паўфінал 11 мая Яўген Перлін пракаменціруе па-беларуску.
"Слоган конкурсу сёлета Celebrate Diversity, таму нам хацелася паказаць свету ў тым ліку разнастайнасць беларускай мовы, бо "Еўрабачанне" актыўна глядзяць беларусы ў іншых краінах. Таксама падчас трансляцыі я планую не толькі традыцыйна сачыць за каментарыямі гледачоў у сацыяльных сетках Twitter і Facebook, але і ўпершыню ў Instagram адлюстроўваць тое, што адбываецца ў каментатарскай кабіне ў канкрэтную хвіліну", - распавёў журналіст Агенцтва тэленавін Яўген Перлін.
Разам са шматмільённай аўдыторыяй прыхільнікаў і адданых фанатаў міжнароднага музычнага форуму ў другім паўфінале і ў фінале прагаласаваць за свайго фаварыта змогуць і беларускія тэлегледачы. У адпаведнасці з правіламі конкурсу, гледачы не могуць галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну. Вынікі галасавання ад Беларусі аб’явіць фіналістка Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013" Алёна Ланская.
"Другі раз мне выпаў гонар агучыць вынікі галасавання ад Беларусі на конкурсе "Еўрабачанне", які стаў для мяне вельмі важнай прыступкай у кар'еры. На жаль, мы не можам усёй краінай падтрымаць NaviBand сваімі галасамі, але будзем хварэць ўсёй душой за нашу групу падчас выступлення", - падзялілася Алёна Ланская.
Тым часам група NaviBand працягвае падрыхтоўку да грандыёзнага песеннага форуму.
Даведвацца аб найважнейшых і цікавых падзеях, якія адбываюцца з групай NaviBand і іх камандай падчас конкурсных тыдняў, можна будзе з сюжэтаў Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", "Дзённікаў "Еўрабачання". Акрамя таго, на сайце tvr.by будзе размяшчацца анлайн-дзённік групы NaviBand з Кіева.













