Інфармацыйнае паведамленне
Сёння з рабочым візітам Беларусь наведаў выканаўчы супервайзер дзіцячага і дарослага конкурсаў песні "Еўрабачанне" Юн Ула Сан. Шэраг сустрэч з яго ўдзелам прайшоў у рамках падрыхтоўкі да Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", які сёлета адбудзецца ў Мінску.
У першай палове дня Юн Ула Сан сустрэўся з намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васілём Жарко.
Пасля гэтага выканаўчы супервайзер дзіцячага "Еўрабачання" наведаў спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", які разглядаецца як адна з пляцовак для правядзення цяперашняга песеннага форуму.

Далей ужо ў сценах медыяхолдынга адбылася сустрэча Юна Ула Сана са Старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў і творчай групай дзіцячага "Еўрабачання-2018".

"Белтэлерадыёкампанія пачала працу па падрыхтоўцы да дзіцячага "Еўрабачання-2018" яшчэ летась, але цяперашні кіраўнік конкурсу прыехаў да нас з візітам упершыню. Сёння мы абмяркоўвалі пагадненне, якое будзе падпісана Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам і нашым медыяхолдынгам, а таксама фінансавыя, арганізацыйныя і творчыя пытанні. Гэта першая выязная сустрэча, але ў далейшым такія візіты стануць больш рэгулярнымі. Так, ужо ў лютым да нас прыедуць прадстаўнікі наглядальнага савета "Еўрабачання" - гэта кіраўнікі дэлегацый шасці краін-удзельніц і кіраўніцтва ЕВС, з якімі мы падрабязна абмяркуем арганізацыю фіналу дзіцячага песеннага форуму", - распавёў намеснік Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

Больш падрабязна аб візіце Юна Ула Сана ў Мінск раскажуць сёння вячэрнія выпускі навін і "Панарама" на "Беларусь 1".
Нагадаем, Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі ў лістападзе. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).












