Прэс-рэліз
Адзін з найстарэйшых праектаў Белтэлерадыёкампаніі вось ужо 20 гадоў з'яўляецца самай папулярнай ранішняй праграмай на беларускім тэлебачанні. У той жа час праект "Добрай раніцы, Беларусь!" застаецца бадзёрым і маладым, да чаго абавязвае ранні выхад у эфір у 6 раніцы. 28 снежня, у дзень нараджэння праекта, павіншаваць любімую праграму прыйдуць яе стваральнікі і вядучыя розных гадоў, кожны з якіх стаў паспяховым - у тым ліку і дзякуючы "Добрай раніцы, Беларусь!".
Пачынаць свой новы дзень разам з тэлеканалам "Беларусь 1" стала добрай традыцыяй у мільёнаў беларусаў. За час існавання "Добрай раніцы, Беларусь!" выйшла каля 14400 гадзін прамога эфіру, а гэта ў сукупнасці 600 каляндарных дзён, або амаль 2 гады! У ролі вядучых праграмы выступілі звыш 50 чалавек, а ў гасцях у "Добрай раніцы, Беларусь!" пабывалі больш за 20 тысяч.
У розны час вядучымі праграмы былі ўсім вядомыя медыйныя персоны і нават Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Многія рабілі ў праекце свае першыя крокі, а сёння іх імёны вядомыя ўсёй краіне і за яе межамі. Школу "Добрай раніцы, Беларусь!" прайшлі кіраўнікі і вядучыя вядомых праектаў медыяхолдынга: Наталля Марынава, Павел Булацкі, Вольга Шлягер, Алег Ціткоў, Дзмітрый Карась і шматлікія іншыя. Хтосьці з іх кіраваў праектам, а хтосьці вёў невялікую рубрыку, але ўсе яны стваралі ранішні настрой беларускім гледачам, а некаторыя працягваюць гэта рабіць дагэтуль. На працягу ўсіх 20 гадоў нязменнай вядучай праграмы з'яўляецца Святлана Бароўская.
"Як кроў дае венам жыццё, так і мне праграма "Добрай раніцы, Беларусь!" дала менавіта жыццё. Спачатку я разумела, што гэта не проста праца, а акно ў свет. Зараз я ведаю: калі вядучыя навін расказваюць аб праблемах і знаходзяць ім вырашэнне, то мы даем абуджэнне эмоцыям, з якімі людзі прачынаюцца і ідуць вырашаць пастаўленыя задачы. Прытым гэта заўсёды праца ў прамым эфіры. Мы - нібыта касманаўты, якія выходзяць у адкрыты космас і не маюць права на памылку", - распавяла вядучая "Добрай раніцы, Беларусь!" Святлана Бароўская.
Праект можа лічыцца зарукай поспеху, а вядучы "Добрай раніцы, Беларусь!" - універсальным, бо ён павінен ведаць адказы на любыя пытанні. Напрыклад, чым пахне Месяц, якога колеру на самай справе апельсін, як маскіруюцца белыя мядзведзі. Сёння вядучыя ведаюць, як стварыць і цікава паднесці свой відэаблог, з дапамогай якога можна навучыць жыццёвым мудрасцям, распавесці аб падарожжах, падзяліцца таямніцамі смачнай выпечкі і сакрэтамі прыгажосці, складаць прыпеўкі на любую тэму, а таксама падказаць гледачам, як раскруціцца ў Інтэрнэце і арганізаваць урачыстасць або мерапрыемства.
Зараз рулявымі праекта з'яўляюцца пары вядучых: Святлана Бароўская і Дзяніс Дудзінскі, Глеб Давыдаў і Надзея Цімафеева, Яўген Перлін і Вера Карэтнікава, Вольга Рыжыкава і Тэа.
"Наш праект стаў стартавай пляцоўкай для шматлікіх зорак тэлебачання. У гонар 20-гадовага юбілею 28 снежня мы вырашылі падрыхтаваць выпуск "Добрай раніцы, Беларусь!" у фармаце ток-шоу, якое аб'яднае вядучых розных гадоў, стваральнікаў праграмы і тых, хто працуе над праектам шматлікія гады. Яны падзеляцца ўспамінамі, а тыя, хто не зможа прыехаць, запішуць відэавіншаванні з краін, дзе яны зараз знаходзяцца", - распавяла кіраўнік праекта "Добрай раніцы, Беларусь!" Алена Воляк. Дарэчы, вядучымі ток-шоу будуць Дзяніс Дудзінскі і Яўген Перлін.
За 20 гадоў у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" чаго толькі не адбывалася, якія толькі сюрпрызы не падносілі гледачам аўтары праекта. У студыі запускалі беларускую "лятаючую талерку", распрацаваную супрацоўнікамі Навукова-практычнага цэнтра па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі, разам з гледачамі стваралася відэаверсія рэкордаў нашай краіны, будзілі ў 6:00 зорак беларускай эстрады. Аднойчы вядучы Дзмітрый Карась падарыў гледачам калекцыю аўтографаў "Славянскага базара", на якім, дарэчы, Вольгу Водчыц прынялі за спявачку Валерыю, і ўзнікла ідэя правесці конкурс двайнікоў, а потым і блізнят. Ды і самі вядучыя не раз пераўвасабляліся то ў Дзеда Мароза і Снягурку, то ў Прыгажуню Зіму і Добрага Чараўніка. Мужчыны-вядучыя замянялі цудоўную палову ў эфіры на 8 Сакавіка, а 23 лютага аднойчы быў створаны ўнікальны тэлевізійны "дэмбельскі альбом" беларускіх артыстаў, дзе можна было ўбачыць армейскія фота Аляксандра Ціхановіча, Андрэя Хлястова, Аляксандра Патліса, Аляксандра Саладухі і Анатоля Ярмоленкі.
Праект заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і вырашыць праблему гледача. У праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" знаходзілі сем'і дзецям, пакінутым без апекі бацькоў, дапамагалі кінуць курыць і засцерагчыся ад прастуды, адшуквалі дамы для кошак і сабак, у якіх не было гаспадароў, у ранішнім эфіры кампетэнтны спецыяліст заўсёды гатовы даць юрыдычную кансультацыю па ўзніклай праблеме.
У праграме заўсёды існавала зваротная сувязь з гледачамі - тэлефонныя званкі або рубрыка "Добрыя навіны", але з 2012 года прапаноўваць свае тэмы і задаваць пытанні гасцям стала магчымым на інтэрнэт-старонцы праекта.
На працягу 20 гадоў не раз змянялася студыйнае афармленне праграмы. У студыі "Добрай раніцы, Беларусь!" былі і вадаспады, і дэкаратыўныя абстрактныя фігуры, распрацаваныя прафесійнымі мастакамі, і вітражныя вазы з пластыка з падсветам. Зараз праект выходзіць у новым афармленні ў самай вялікай і мадэрнізаванай студыі медыяхолдынга "600 метраў". У свой час навіной была кругавая панарамная падача, а сёння ў знакамітай "шасцісотцы" выкарыстоўваюцца арыгінальныя рэжысёрскія хады і рэалізуюцца самыя нечаканыя ідэі.
Сёння праграма знаёміць гледача з навінкамі музыкі, асаблівасцямі беларускай мовы, свежымі матэрыяламі ў прэсе, тэатральнымі і кінапрэм’ерамі. Вядучыя распавядаюць аб святочных датах і самых гучных навінах, сустракаюць цікавых гасцей, праводзяць віктарыны і конкурсы, звязваюцца з сіноптыкамі, каб першымі даведацца пра надвор'е на дзень. Абласныя тэлеканалы "Беларусь 4" у эфіры "Добрай раніцы, Беларусь!" распавядаюць пра тое, што адбываецца ў розных кутках краіны. У рубрыках праекта можна даведацца, як хутка прыгатаваць здаровую ежу, якія лайфхакі могуць спатрэбіцца ў побыце, як сачыць за сваёй спартыўнай формай. У эфіры гучаць вершы беларускіх і замежных аўтараў, беларусы дзеляцца сакрэтамі сваёй прафесійнай дзейнасці і прэзентуюць унікальнасць усёй нацыі.
Змяняюцца тэмы і змест, афармленне і вядучыя, але нязменнымі застаюцца запал і крэатыў, з якімі падыходзіць творчая каманда праекта да рэалізацыі ідэй. Кожны выпуск ствараюць сапраўдныя прафесіяналы, якія працуюць за кадрам, дзякуючы якім праект атрымліваецца дынамічным і цікавым. Каманда больш як з 50 чалавек робіць так, каб раніца беларусаў была добрай.
Праграма "Добрай раніцы, Беларусь!" выходзіць у будныя дні з 6:00 да 9:00 на галоўным канале краіны "Беларусь 1", міжнародным спадарожнікавым "Беларусь 24" і з'яўляецца візітнай карткай Беларускага тэлебачання.












