Прэс-рэліз
9 Мая, у Дзень Перамогі, сацыякультурны канал медыяхолдынга пакажа сем ігравых стужак аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Усе фільмы створаны Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" у розныя гады. Таксама ўвазе гледачоў будзе прапанаваны дакументальны цыкл "Дзённікі беларускага падполля" і гала-канцэрт XXI Тэлевізійнага фестывалю армейскай песні "Зорка". Для камфортнага прагляду ўсе фільмы будуць транслявацца са схаванымі субцітрамі, а таксама на працягу ўсяго святочнага дня тэлеканал не будзе дэманстраваць рэкламныя блокі.
Адкрые святочны кінапаказ у 07:50 карціна Льва Голуба "Вуліца малодшага сына" (СССР, 1962 г.). Экранізацыя аднайменнага рамана Льва Касіля і Макса Паляноўскага, прысвечанага піянеру-герою Валодзю Дубініну, у 1963 годзе ўдастоілася Спецыяльнага прыза "За работу над дзіцячым фільмам" на III Кінафестывалі рэспублік Прыбалтыкі і Беларусі ў Рызе.
У 11:35 будзе паказаны легендарны фільм Мікалая Фігуроўскага "Гадзіннік спыніўся апоўначы" ("Беларусьфільм", 1958 г.). Сюжэт стужкі заснаваны на рэальным факце знішчэння беларускімі падпольшчыкамі генеральнага камісара і гаўляйтара Беларусі Вільгельма фон Кубэ. Ён загінуў ад выбуху англійскай міны з гадзіннікавым механізмам, падкладзенай пакаёўкі Аленай Мазанік. За гэты подзвіг Алене Мазанік было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Вестка аб забойстве Кубэ хутка разнеслася па франтавых акопах і партызанскіх лясах, па ўсім вялізным Савецкім Саюзе. Беларускім патрыётам апладзіраваў увесь антыфашысцкі свет. Гэтую аперацыю, праведзеную мінскімі падпольшчыкамі, дагэтуль вывучаюць у акадэміях спецслужбаў.
У 14:00 у эфір выйдзе фільм Льва Голуба "Дзяўчынка шукае бацьку" ("Беларусьфільм", 1959 г.). Актрыса Ганна Камянкова, якая дэбютавала ў ролі Леначкі Мікуліч, удастоілася Спецыяльнай прэміі за лепшае выкананне дзіцячай ролі на аргенцінскім МКФ у 1960 годзе, а сама карціна ў розныя гады была адзначана на кінафестывалях у Мінску, Рызе і Вічэнцэ (Італія).
У 15:50 тэлеканал пакажа кінараман у дзвюх частках "Чорная бяроза" ("Беларусьфільм", 1977 г.). Рэжысёр Віталь Чацверыкоў зняў фільм пра лёс цэлага пакалення, апаленага вайной, пра людзей, якія вынеслі ўсё, выстаялі і якія вярнуліся на папялішча, каб выбудаваць аўтамабільны завод-гігант, новы горад. У сцэнарыі і ў фільме не было нічога выдуманага, у яго аснову пакладзены рэальныя падзеі і лёсы, а прататыпамі герояў сталі рабочыя мінскіх заводаў. За лепшае выкананне жаночай ролі Наталля Бражнікава была ўдастоена прыза XI Усесаюзнага кінафестывалю ў Ерэване.
У 18:10 тэлегледачы ўбачаць гераічную ваенную драму Дзяніса Скварцова "Дняпроўскі рубеж" ("Беларусьфільм", 2009 г.). У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі войскі нямецка-фашысцкіх захопнікаў імкліва прасоўваліся па тэрыторыі Савецкага Саюза, горад Магілёў, Днепр, Буйніцкае поле надоўга затрымалі варожы націск. Магілёў стаў той жа Брэсцкай крэпасцю, толькі вялізных маштабаў. На дапамогу абаронцам горада выйшлі літаральна ўсе яго жыхары: капалі траншэі, супрацьтанкавыя равы... Наступ фашыстаў удалося затрымаць на 23 дні! Як гавораць многія гісторыкі, там - вытокі нашай перамогі. Упершыню асновай для фільма стала гераічная абарона Магілёва ў жніўні 1941 года, так званы Дняпроўскі рубеж - рэальная гістарычная падзея.
Фільм Міхаіла Пташука "Вазьму твой боль" ("Беларусьфільм", 1980 г.) паводле аднайменнага рамана Івана Шамякіна будзе паказаны ў 21:05. За стварэнне фільма ў 1982 годзе аўтар сцэнарыя Іван Шамякін, рэжысёр Міхаіл Пташук, аператар Віталь Нікалаеў, мастак Юрый Альбіцкі, кампазітар Сяргей Картэс і выканаўца галоўнай ролі Уладзімір Гасцюхін былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР.
Напрыканцы кінадня ў 22:50 тэлеканал пакажа дэбютную ігравую стужку Віктара Турава "Праз могілкі" ("Беларусьфільм", 1964 г.) паводле аднайменнай аповесці Паўла Ніліна. У 1994 годзе па рашэнні ЮНЕСКА карціна ўвайшла ў спіс ста лепшых фільмаў пра вайну.
Акрамя ігравых фільмаў, увазе тэлегледачоў будзе прапанаваны дакументальны цыкл "Дзённікі беларускага падполля", які распавядзе пра самаадданае супраціўленне савецкіх падпольшчыкаў фашысцкаму рэжыму ў Брэсце (09:25), Гомелі (13:30), Мінску (15:25) і Магілёве (22:20).
Акрамя таго, у ранішнім эфіры канала 9 мая ў 09:55 будзе паказана тэлеверсія гала-канцэрта XXI Тэлевізійнага фестывалю армейскай песні "Зорка", а ў 16:55 "Беларусь 3" далучыцца да хвіліны маўчання, прысвечанай памяці ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны.













