Прэс-рэліз
На галоўным канале краіны адбудзецца прэм'ера фільма-трылогіі Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Вайна за памяць". З 31 кастрычніка па 2 лістапада гледачы "Беларусь 1" змогуць у эфіры сачыць за журналісцкім расследаваннем, якое здымачная група правяла на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і Славеніі. Аўтары праекта разважаюць на вострыя і надзённыя тэмы, сярод якіх - страта чалавечых каштоўнасцяў, перапісванне гісторыі, непавага да гістарычнай памяці і да подзвігу воіна-вызваліцеля ў Другой сусветнай вайне.
Глядач тэлеканала "Беларусь 1" Анатоль Красны звярнуўся да журналістаў АТН па дапамогу. У польскім Кельцэ, дзе пахаваныя астанкі яго бацькі, пачасціліся акты вандалізму. Падчас дэкамунізацыі ў многіх гарадах Польшчы плануецца знішчыць усе помнікі чырвонаармейцам, вызваліцелям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Анатоль - былы вайсковец на пенсіі, а яго бацька - непасрэдны ўдзельнік вайны, які змагаўся з карычневай чумой за тое, каб будучыя пакаленні не былі заняволеныя фашысцкімі заваёўнікамі.

Карэспандэнты АТН не маглі не адклікнуцца на просьбу пенсіянера і вырашылі разабрацца ў гэтай актуальнай праблеме.
"Мы адразу ж сабраліся і паехалі ў Кельцэ. Вядома, мы не змаглі пакінуць без увагі Асвенцім і іншыя знакавыя мясціны, якія нагадваюць аб страшных фашысцкіх злачынствах. Наш фільм, нібы машына часу, адправіць гледачоў у мінулае, каб задумацца над сучаснасцю. Гэта свайго роду дзённікі памяці", - гаворыць аўтар фільма, журналіст АТН Наталля Бардзілоўская.
Здымачная група праекта пабывала ў гарадах Чэхіі, Славеніі і Аўстрыі, якую, дарэчы, вызваляў цесць Анатоля Краснага. Венгрыя, Балгарыя і Славакія таксама сутыкнуліся з праблемай захавання памяці аб страшных падзеях Другой сусветнай, але аўтары праекта вырашылі паказаць мінулае праз лёсы канкрэтных людзей, нашых сучаснікаў.

Разам з прафесійнымі гісторыкамі і палітолагамі гледачы "Беларусь 1" прааналізуюць цяперашнюю сітуацыю і паспрабуюць знайсці выйсце.
Першую серыю фільма-трылогіі "Вайна за памяць" можна будзе ўбачыць на тэлеканале "Беларусь 1" у аўторак вечарам адразу пасля "Панарамы".














