Віктар Скорабагатаў - у праграме “Майстры і куміры” на “Беларусь 3”

24.11.2016
27 лістапада ў эфіры сацыякультурнага канала “Беларусь 3” - новы выпуск адмысловага праекта вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі “Майстры і куміры”.

Прэс-рэліз

27 лістапада ў эфіры сацыякультурнага канала “Беларусь 3” - новы выпуск адмысловага праекта вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі “Майстры і куміры”.

Нагадаем, праект распавядае пра знакамітых людзей - майстроў, якія сталі кумірамі для многіх пакаленняў. У праграме шырока выкарыстоўваюцца архіўныя матэрыялы кінавідэафонда Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, сярод якіх - рэдкія, унікальныя запісы з удзелам беларускіх пісьменнікаў, артыстаў, оперных і эстрадных выканаўцаў, грамадскіх дзеячаў.

Гэтым разам госцем праграмы стане заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, рэжысёр, прафесар, мастацкі кіраўнік творчага аб’яднання “Беларуская капэла”, музыказнаўца, даследчык і прапагандыст старажытнай беларускай музыкі Віктар Скорабагатаў.

15 лістапада Віктар Іванавіч адзначыў 65-гадовы юбілей. У яго творчай скарбонцы - 40 оперных і 7 драматычных роляў, 600 рамансаў і песень. Толькі ў фондзе Беларускага радыё захоўваецца каля 30 дыскаў рэстаўраваных запісаў, у фондзе Беларускага тэлебачання - оперныя спектаклі “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана, лібрэта С. Клімковіч паводле аднайменнай аповесці У. Караткевіча, “Севільскі цырульнік” Д. Расіні, “Чароўная флейта” В.А. Моцарта, шмат запісаў канцэртных нумароў розных жанраў, пачынаючы з 1980 года.

Віктар Скорабагатаў - вядомы даследчык нашай класічнай вакальнай спадчыны. Менавіта з яго імем звязаны цыкл канцэртаў “Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVII-XX стагоддзяў”.

“Пра свае пошукі і адкрыцці Віктар Іванавіч можа распавядаць не адну гадзіну. Што мы ведаем, напрыклад, пра кампазітара Осіпа Казлоўскага? Аказваецца, ён нарадзіўся ў фальварку Казлоўскі цяперашняга Слаўгарадскага раёна, сябраваў з Міхалам Клеафасам Агінскім, удзельнічаў у руска-турэцкай вайне, напісаў паланез “Гром победы, раздавайся” на ўзяцце Ізмаіла. Паланэз так спадабаўся Кацярыне ІІ, што стаў гімнам Расійскай імперыі, а сам Казлоўскі быў прызначаны дырэктарам аркестраў імператарскіх тэатраў. І гэта далёка не ўсё, пра што мы даведаліся ад Віктара Скорабагатава”, - падзялілася вядучая праграмы “Майстры і куміры” Марына Драгіна.

У праграме прагучаць фрагменты музычных твораў такіх вядомых цяпер кампазітараў, як Мацей Радзівіл, Міхал Клеафас Агінскі, Ян Давід Голанд і іншых.

Праграма “Майстры і куміры”, прысвечаная дзейнасці вядомага артыста і даследчыка Віктара Скорабагатава, выйдзе ў эфір 27 лістапада ў 12:50.