"Усім навука" - у эфіры "Беларусь 1"

27.11.2017
Спецыяльная рубрыка ў рамках "Панарамы" распавядзе пра распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук, іх практычнае і тэарэтычнае прымяненне, эфектыўнасць даследаванняў, што праводзяцца, іх укараненне ў вытворчасць.

Прэс-рэліз

Спецыяльная рубрыка ў рамках "Панарамы" стартуе з 27 лістапада на галоўным канале краіны. Новы праект Агенцтва тэленавін распавядзе пра распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук, іх практычнае і тэарэтычнае прымяненне, эфектыўнасць даследаванняў, што праводзяцца, іх укараненне ў вытворчасць.

2017 быў аб’яўлены Годам навукі ў нашай краіне. Вялікая размова ў гэтай галіне адбудзецца на Другім з'ездзе навукоўцаў Беларусі, які пройдзе ў снежні.

У рубрыцы "Усім навука" журналісты АТН пачынаюць падводзіць вынікі года і абмяркоўваць перспектывы. Карэспандэнты паспрабуюць адказаць на пытанні, як упісваюцца нацыянальныя навуковыя праграмы і праекты ў сістэму міжнароднай даследчай дзейнасці, ці запатрабаваныя яны ў эканамічнай і сацыяльнай сферах краіны, што перашкаджае прасоўванню навуковых ідэй.

У новым праекце АТН навукоўцы НАН Беларусі распавядуць пра супрацоўніцтва Інстытута машынабудавання з БелАЗам, пра ўнікальную вытворчасць у Светлагорску, сістэму зандзіравання Зямлі і энергаэфектыўную святлодыёдную тэхніку. Навукоўцы Інстытута лесу ў Гомелі распавядуць аб працы над калекцыяй штамаў грыбоў, якая прызнана нацыянальным здабыткам краіны, а таксама аб даследаваннях захворванняў дрэў. Дарэчы, больш за 15 беларускіх адкрыццяў у гэтай галіне зарэгістраваныя ў Міжнародным банку генаў Нацыянальнага цэнтра ЗША.

Ужо сёння ў рамках "Панарамы" гледачы даведаюцца, дзе беларусы могуць зрабіць генетычны пашпарт, у якую спартыўную секцыю аддаць дзіця, каб вырас сапраўдны чэмпіён. Здымачная група АТН даведалася, дзе захоўваецца жывы архіў Беларусі, як вызначыць сваю схільнасць да рэдкіх генетычных захворванняў.

Прэм'ера рубрыкі "Усім навука" - у выніковай інфармацыйнай праграме "Панарама" ў 21:00 на "Беларусь 1".