Прэс-рэліз
9 лютага афіцыйны вяшчальнік Алімпіяды ў нашай краіне - Белтэлерадыёкампанія - прапануе ўвазе тэлегледачоў прамую трансляцыю ўрачыстага адкрыцця ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі.
Урачыстая цырымонія адкрыцця Гульняў-2018 пройдзе ў Алімпійскім палацы ў Пхёнчхане. Ён размешчаны ў парку Хвэнгэ, што збярэ каля 75 тысяч гледачоў, якія хочуць на свае вочы паназіраць за адкрыццём ХХІІІ зімовай Алімпіяды.
Гледачоў чакае гадзіннае дынамічнае шоу, пасля якога пачнецца парад краін-удзельніц. Падрыхтоўкай шоу займаюцца 400 чалавек, а ў самім свяце будзе задзейнічана 2000 акцёраў. Яны створаць зімовую казку, поўную ўсходняй гармоніі і светлых чаканняў, у якой распавядуць аб карэйскіх традыцыях і паспрабуюць данесці ідэі адзінства, міру і аб'яднання самых розных людзей.
За ўсімі мерапрыемствамі ўрачыстага адкрыцця Гульняў-2018 беларускія тэлегледачы змогуць сачыць у прамым эфіры "Беларусь 1". Феерычнае нараджэнне алімпійскага агню пачнецца ў 13:55.
Нагадаем, з-за розніцы ў часе з Паўднёвай Карэяй асноўныя падзеі Алімпіяды будуць адбывацца днём. З улікам гэтага цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў, спаборніцтвы з удзелам беларускіх спартсменаў, а таксама самыя яркія старты тэлеканал "Беларусь 5" будзе паказваць і ўвечары, у больш зручны для гледачоў час. Так, урачыстае адкрыццё Алімпійскіх гульняў спартыўны канал медыяхолдынга пакажа ў 21:50.
У гэты ж дзень у 22:30 на "Беларусь 1" стартуе спецыяльны праект "Алімпійскі дзённік. Пхёнчхан-2018". Штодня ў эфіры галоўнага канала краіны спартыўныя журналісты Белтэлерадыёкампаніі будуць распавядаць пра тое, што адбываецца на алімпійскіх стадыёнах і арэнах, а таксама за іх межамі.
Самую аператыўную інфармацыю аб удзеле айчынных спартсменаў можна будзе даведацца таксама з "Дзённікаў Алімпіяды" ў эфіры Беларускага радыё. На Першым нацыянальным канале сфарміравана свая алімпійская каманда спартыўных журналістаў, якая будзе сачыць за ўсімі важнымі падзеямі Гульняў-2018 у Паўднёвай Карэі. Па выніках выступленняў спартсменаў аглядальнікі Першага нацыянальнага будуць запрашаць вядомых спецыялістаў, каб разам парадавацца дасягненням беларускіх атлетаў.
Алімпійскія гульні-2018 у Пхёнчхане - падзея, якой чакаюць мільёны людзей на ўсёй планеце. На працягу 17 дзён свет, затаіўшы дыханне, будзе сачыць за выступленнямі наймацнейшых спартсменаў. Трансляцыі асноўных падзей Гульняў будуць весціся на ўсіх кантынентах.
Дзякуючы трансляцыям і алімпійскім дзённікам у эфіры тэле- і радыёканалаў медыяхолдынга далучыцца да шматмільённай аўдыторыі змогуць і беларускія балельшчыкі.
Падрабязны графік тэлевізійных трансляцый спаборніцтваў будзе размешчаны напярэдадні Алімпіяды на афіцыйным сайце медыяхолдынга ў спецыяльным раздзеле https://www.tvr.by/televidenie/belarus-5/olimpiada-2018/












