Прэс-рэліз
21 сакавіка ў 10:20 у эфіры канала "Культура" Беларускага радыё прагучыць новы радыёспектакль "Падарожжа ў краiну мурашоў". Творчая група канала рыхтуе для юных слухачоў захапляльную гісторыю паводле аднайменнай п'есы празаіка і літаратурнага крытыка Таццяны Мушынскай.
"Радыёспектаклі ў эфіры Беларускага радыё на працягу многіх дзесяцігоддзяў застаюцца запатрабаванымі ў слухачоў. За плячыма ў нашых супрацоўнікаў - высокапрафесійныя пастаноўкі для розных узроставых катэгорый слухачоў, інсцэніраваныя гісторыі, паэтычныя кампазіцыі. Мы пастаянна шукаем новыя формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, абапіраючыся на лепшыя традыцыі беларускага радыёвяшчання", - гаворыць намеснік дырэктара канала "Культура" Уладзімір Трапянок.
Радыёказка "Падарожжа ў краiну мурашоў" спалучае прафесійнае акцёрскае выкананне, музычна-шумавое суправаджэнне, рэжысёрскія і гукарэжысёрскія знаходкі. Гэта павучальная гісторыя аб жыцці маленькіх, цягавітых "санітараў" лесу, у якой часам здараюцца сапраўдныя катастрофы з-за няправільных паводзін чалавека.
Ролі выканалі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шараў, актрысы Святлана Цімохіна і Таццяна Ражаўская. У прэм'ерным спектаклі прагучыць арыгінальная музыка кампазітара Аляксандра Літвіноўскага. Рэжысёр - Анжаліка Пташук. Гукарэжысёрамі твора сталі Валерый Бяляеў і Сяргей Бутоўскі.
Прэм'ера дзіцячага радыёспектакля "Падарожжа ў краiну мурашоў" адбудзецца ў эфіры канала "Культура" ў Міжнародны дзень лясоў - 21 сакавіка.












