У госці да "Мэры Попінс" прыйдуць піянеры

24.02.2017
Канал "Культура" Беларускага радыё пачаў ствараць цыкл радыёсустрэч, прысвечаных 95-годдзю Беларускага піянерскага руху.

Прэс-рэліз

Канал "Культура" Беларускага радыё пачаў ствараць цыкл радыёсустрэч, прысвечаных 95-годдзю Беларускага піянерскага руху. З красавіка па май у рамках папулярнага праекта для дзяцей і пра дзяцей "Мэры Попінс" выйдзе сем тэматычных выпускаў, у якіх маладое пакаленне нашай краіны раскажа аб працягу найлепшых піянерскіх традыцый.

19 мая піянерскі рух Беларусі перасягне значную мяжу - 95 гадоў. Штотыдзень у рубрыцы "Гасцёўня Мэры Попінс" юныя беларусы з розных рэгіёнаў нашай краіны будуць расказваць, якімі добрымі справамі яны займаюцца сёння, пацвярджаючы званне піянера быць першым.

"Праграма "Мэры Попінс" канала "Культура" Беларускага радыё на працягу ўсяго свайго існавання падтрымлівала дзіцячыя грамадскія аб'яднанні і арганізацыі, якія працуюць з дзецьмі", - расказаў дырэктар канала "Культура" Беларускага радыё Сяргей Макарэй. Так, у 2014 годзе ў нас адбыўся сумесны праект "Усе дзеці таленавітыя" разам з грамадскім аб'яднаннем "Беларускі дзіцячы фонд SOS - дзіцячая вёска", у 2016 годзе быў яго працяг, але ўжо сумесна з грамадскім аб'яднаннем "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам". Таксама "Мэры Попінс" актыўна супрацоўнічае з Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыяй ратавальнікаў-пажарных. А ў сувязі з вялікім юбілеем піянерскага руху мы вырашылі інфармацыйна падтрымаць і грамадскае аб'яднанне "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя".

Праект "Мэры Попінс" з'яўляецца своеасаблівай творчай радыёпляцоўкай для таленавітых дзяцей Беларусі. За 8 эфірных гадоў героямі праграмы стала вялізная колькасць дзіцячых калектываў, юных творцаў, пераможцаў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў. Для многіх, дарэчы, удзел у праграме быў і першым іх у жыцці радыёінтэрв'ю.

Праграму "Мэры Попінс" можна слухаць у прамым эфіры на канале "Культура" ў будныя дні з 16:05 да 17:00 (паўтор выходзіць на наступны дзень з 10:05 да 11:00).