У Дзень Незалежнасці Кыргызстана "Беларусь 3" пакажа фільм "Белы параход"

25.08.2017
31 жніўня, у Дзень Незалежнасці Кыргызстана, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа знакаміты савецкі фільм "Белы параход", зняты паводле аднайменнай аповесці Чынгіза Айтматава.

Прэс-рэліз

31 жніўня, у Дзень Незалежнасці Кыргызстана, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа знакаміты савецкі фільм "Белы параход", зняты паводле аднайменнай аповесці Чынгіза Айтматава.

Сёлета Белтэлерадыёкампаніяй было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Грамадскай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыяй Кыргызскай Рэспублікі (КТРК). Пагадненне прадугледжвае абмен інфармацыйнымі матэрыяламі, абмен вопытам, сумесную вытворчасць відэаматэрыялаў, шырокае асвятленне нацыянальных святаў. Так, тэма святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь шырока асвятлялася ў Кыргызстане.

У Дзень Незалежнасці Кыргызстана тэлеканал "Беларусь 3" пакажа фільм "Белы параход". Дзеянне разгортваецца ў Кіргізіі. Галоўны герой карціны - сямігадовы хлопчык-сірата, які жыве ў запаведным лесе. Лёс дзіцяці абыякавы людзям, якія знаходзяцца побач, акрамя дзеда Мамуна, памочніка егера ў запаведніку. У хлопчыка мала радасцяў у жыцці. Яму няма з кім пагаварыць і пагуляць, свае думкі і мары ён давярае каменю, біноклю, школьнаму партфелю. Але, нягледзячы на ўсю трагічнасць гісторыі, белы параход, пра які часта марыць кінуты хлопчык, з'яўляецца сімвалам шчасця, радасці і доўгачаканай сустрэчы з бацькам.

Рэжысёрам і сцэнарыстам кінастужкі выступіў Балатбек Шамшыеў. У ролях здымаліся выключна кіргізскія акцёры: Нургазы Сыдыгаліеў, Сабіра Кумушаліева, Аразбек Кутманаліеў, Айтурган Цемірава, Асанкул Кутубаеў, і іншыя. Фільм "Белы параход" заваяваў нямала ўзнагарод, сярод якіх Дзяржаўная прэмія СССР, Вялікі прыз творчаму калектыву - IX Усесаюзнага кінафестывалю, Гран-пры "Залаты эдэльвейс" МКФ "Чалавек і горы" ў Італіі і многія іншыя.

Знакамітую экранізацыю гледачы тэлеканала "Беларусь 3" убачаць у чацвер, 31 жніўня, у 22:35.