У Белтэлерадыёкампаніі пройдзе праслухоўванне прэтэндэнтаў для ўдзелу ў "Еўрабачанні-2018"

26.12.2017
11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі пройдзе адкрытае праслухоўванне прэтэндэнтаў нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". Афіцыйны сайт www.tvr.by па традыцыі будзе весці анлайн-трансляцыю са студыі медыяхолдынга.

Прэс-рэліз

11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі пройдзе адкрытае праслухоўванне прэтэндэнтаў нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". Афіцыйны сайт www.tvr.by па традыцыі будзе весці анлайн-трансляцыю са студыі медыяхолдынга.

Праслухоўванне пройдзе ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або якіх-небудзь вакальных імітацый.

Сёлета да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі, адзначанымі ў палажэнні. Па стане на сёння ў Белтэлерадыёкампанію паступіла больш за 30 заявак, сярод якіх канкурсанты, якія неаднаразова прымалі ўдзел у нацыянальных адборах - Жанет, ALEN HIT, KATTIE, група PROVOCATION, Аляксандра Ткач і іншыя.

Тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры заканчваецца сёння. У адпаведнасці з палажэннем, апошні дзень адпраўкі бандэроляў - 26 снежня 2017 года.

Варта адзначыць, што традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел адпраўляюць свае бандэролі ў апошнія дні прыёму заявак, і гэты год не стаў выключэннем. Таму Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаны арганізатарамі адбору.

А ўжо 11 студзеня патэнцыяльныя ўдзельнікі песеннага форуму змогуць вынесці свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы. Імёны фіналістаў, якіх, нагадаем, у адпаведнасці з палажэннем, будзе не больш за пятнаццаць, стануць вядомыя ў гэты ж дзень вечарам.

Фінал адбору пройдзе не пазней за 1 сакавіка 2018 г. у фармаце тэлевізійнага канцэрта. Удзельнік фіналу, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і галасавання гледачоў, аб'яўляецца пераможцам праекта і становіцца афіцыйным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь на Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" у Лісабоне (Партугалія).

Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца галоўны медыяхолдынг краіны. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.