У Беларусі знаходзяцца тэхнічны дырэктар дзіцячага "Еўрабачання-2018" Ола Мельцыг і яго асістэнт Тарма Крым

25.05.2018

Інфармацыйнае паведамленне

У Беларусі з рабочым візітам па пытаннях арганізацыі Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" знаходзяцца тэхнічны дырэктар са Швецыі Ола Мельцыг і яго асістэнт з Эстоніі Тарма Крым.

Ола Мельцыг з'яўляецца прафесіяналам сусветнага ўзроўню, на яго рахунку - дзясяткі песенных шоу ў Еўропе і Амерыцы, а таксама тэхнічнае абсталяванне і арганізацыя трансляцый Алімпійскіх гульняў.

У сакавіку Ола Мельцыг ужо прыязджаў у Мінск. Тады ён наведаў здымкі праектаў Белтэлерадыёкампаніі і ацаніў магчымасці спартыўна-забаўнага комплексу "Мінск-Арэна", адкуль будзе весціся трансляцыя фінальнага шоу дзіцячага песеннага форуму.

тэхнічны дырэктар дзіцячага "Еўрабачання-2018" Ола Мельцыг

Гэтым разам замежныя спецыялісты прыехалі ў Мінск на цэлы тыдзень, на працягу якога адбыліся рабочыя сустрэчы з кіраўніцтвам медыяхолдынга, творчымі і тэхнічнымі спецыялістамі, якія будуць задзейнічаныя ў падрыхтоўцы і арганізацыі шоу ў лістападзе.

Падчас сустрэч з еўравізійнымі экспертамі абмяркоўваліся тэхнічныя нюансы забеспячэння вяшчання, вывучаліся макеты сцэны, грын-рума, прэс-цэнтра і іншых конкурсных пляцовак, былі разгледжаны варыянты мантажу сцэны і мацавання камер, светлавога, гукавога і святлодыёднага абсталявання.

Сёння Ола Мельцыг і Тарма Крым агледзелі перасовачную тэлевізійную станцыю "Александрына", якую беларусы могуць назіраць на найважнейшых дзяржаўных і міжнародных мерапрыемствах. Дарэчы, гэтая ПТС на 16 відэакамер, набытая Белтэлерадыёкампаніяй у 2010 годзе, доўгі час не мела аналагаў у краінах Усходняй Еўропы.

Ола Мельцыг і Тарма Крым агледзелі ПТС "Александрына"

Нагадаем, Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі 25 лістапада. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).