Цырымонія адкрыцця дзіцячага "Еўрабачання-2018" збярэ больш за 300 чалавек

15.11.2018

Прэс-рэліз

19 лістапада ў Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", якая стане пачаткам вялікага еўратыдня.

Усе 20 дэлегацый краін-удзельніц пройдуць па чырвонай дарожцы, падзеляцца ўражаннямі з журналістамі, пачуюць сказанае на дарогу слова арганізатараў і прадзюсараў конкурсу.

У цырымоніі возьмуць удзел больш як 300 чалавек, сярод іх самі канкурсанты і іх дэлегацыі, запрошаныя госці, валанцёры, беларускія і замежныя журналісты.

Афіцыйны старт еўратыдню дадуць Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і выканаўчы дырэктар конкурсаў "Еўрабачанне" Ён Ола Санд. Вядучымі грандыёзнага свята стануць Дзяніс Дудзінскі і Ганна Квілорыя. Вядучыя праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" і праекта "Тэлераніца" пагутараць з юнымі артыстамі на чырвонай дарожцы і прапануюць ім "Загадаць мару!".

Адным з самых яркіх элементаў цырымоніі адкрыцця стане 3D mapping show, якое будзе ўключаць у сябе розныя жанры сцэнічнага мастацтва: танец, фальклорную музыку ў сучаснай апрацоўцы, камп'ютарную графіку і святлопраекцыйнае 3D-шоу. Праз ідэю сумяшчэння мастацтва, нацыянальных вобразаў і сімвалаў з інавацыйнымі тэхналогіямі ў шоу будуць паказаныя гісторыка-культурная спадчына нашага народа і сучасная Беларусь.

Таксама падчас адкрыцця адбудзецца жараб'ёўка, якая, паводле правілаў Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, вызначыць краіны, што выступяць пад першым і апошнім нумарамі, а таксама нумар, пад якім выступіць краіна - гаспадыня конкурсу - Беларусь.

У тэлеэфіры ўрачыстую цырымонію адкрыцця змогуць убачыць не толькі беларускія гледачы, але і прыхільнікі дзіцячага "Еўрабачання" ва ўсіх краінах Еўропы, а таксама ў Аўстраліі. Белтэлерадыёкампанія будзе весці запіс цырымоніі і забяспечыць трансляцыяй усіх вяшчальнікаў - членаў ЕВС.

Каналы "Беларусь 1" і "Беларусь 24" пакажуць тэлеверсію адразу пасля "Панарамы". Таксама яе можна будзе ўбачыць на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by

Тым часам на галоўнай сцэне "Мінск-Арэны" працягваюцца рэпетыцыі з тэхнічнымі дублёрамі, якія на час замяняюць рэальных удзельнікаў конкурсу.

Дэлегацыі краін-удзельніц прыбудуць у беларускую сталіцу 17-18 лістапада.

Усе падрабязнасці аб конкурсе дзіцячае "Еўрабачанне-2018" - у выпусках навін і дзённіках "Light up!", якія выходзяць на "Беларусь 1" у будныя дні ў 20:55, а ў нядзелю ў вялікім фармаце - у 20:15.

Арганізатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС). 

Присоединяйтесь к нам