Прэс-рэліз
З 23 мая сацыякультурны тэлеканал прапануе гледачам трохсерыйны кінараман "Ціхі Дон", падчас прагляду якога з'явіцца магчымасць уключыць функцыю ўтоенага субцітравання.
У адпаведнасці з праектам Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб зацвярджэнні нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025" неўзабаве ўтоеныя субцітры з'явяцца ў эфіры ўсіх тэлеканалаў медыяхолдынга. Першапраходцам стане "Беларусь 3" як найбольш сацыяльна арыентаваны канал. Утоеныя субцітры створаць камфортны прагляд не толькі для гледачоў з праблемамі слыху, але і паспрыяюць людзям, якія вывучаюць новую мову, упершыню вучацца чытаць або знаходзяцца ў шумных памяшканнях. У адрозненне ад адкрытага субцітравання тэлеглядач пры жаданні можа як актываваць, так і дэактываваць гэтую функцыю.
"Гледачы змогуць даведвацца пра фільмы з утоенымі субцітрамі ў эфіры нашага канала непасрэдна перад пачаткам паказу, таксама такія кінастужкі і падобныя праекты будуць спецыяльна абазначаныя ў праграме тэлеперадач", - адзначыла кіраўнік тэлеканала "Беларусь 3" Наталля Марынава.
З 23 мая двойчы на дзень утоеныя субцітры можна будзе актываваць на канале "Беларусь 3" падчас прагляду класікі савецкага кінематографа - кінарамана "Ціхі Дон". У аўторак у 8:25 і 17:50 можна будзе ўбачыць першую серыю экранізацыі бессмяротнага твора Міхаіла Шолахава, адзначанага Нобелеўскай прэміяй. Адзін з найбольш яркіх твораў сусветнай літаратуры распавядае пра трагічную сітуацыю, якая склалася ў Расіі на пачатку ХХ стагоддзя, пра паламаныя Першай сусветнай вайной і рэвалюцыяй лёсы людзей, пра крушэнне асноў і ідэалаў данскога казацтва, пра асабістую трагедыю галоўнага героя Рыгора Мелехава.
У фільме Сяргея Герасімава іграе цэлая плеяда выбітных акцёраў савецкага кіно. Утоеныя субцітры дазволяць многім яшчэ больш прасякнуцца дыялогамі ў выкананні Пятра Глебава, Эліны Быстрыцкай, Зінаіды Кірыенкі, Данііла Ільчанкі, Людмілы Хіцяевай, Мікалая Смірнова, Аляксандра Жукава і многіх іншых.













