Прэс-рэліз
1 мая да дня народзінаў Наталлі Гайды, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Яфрэмава сацыякультурны канал медыяхолдынга падрыхтаваў да эфіру выпускі праграм “Беларусь як песня” і “Майстры і куміры” з удзелам ганаровых імяніннікаў.
Дзякуючы буйным архівам фонду і спецыяльным праектам Белтэлерадыёкампаніі у гледачоў і слухачоў медыяхолдынга ёсць выдатная магчымасць вандраваць па старонках гісторыі беларускай культуры. Так, тэлеканал “Беларусь 3” запрашае правесці выхадны дзень разам с трыма таленавітымі асобамі і прапануе ўспомніць самыя яркія і знакавыя падзеі іх творчага жыцця.
У 12:50 будзе паказана праграма “Беларусь як песня”, прысвечаная прымадонне беларускай аперэты, народнай артыстцы Беларусі Наталлі Гайдзе. Вядучы праекта Мікалай Скорыкаў, як звычайна, жыва і з цеплынёй прадставіць гераіню выпуску, а архіўныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі дазволяць тэлегледачам атрымаць асалоду ад голасу і майстэрства легендарнай артысткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Выпуск праекта “Майстры і куміры” з удзелам народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай выйдзе ў эфір у 16:40. У кампаніі нязменнай вядучай праграмы Марыны Драгінай спявачка ўбачыць сябе на студыйным экране і з вышыні пройдзенага творчага шляху ўзгадае вехі свайго прафесійнага станаўлення - ад славутых “Верасоў” да статусу незгасальнай зоркі беларускай эстрады.
У вячэрнім эфіры тэлеканала ў 23:50 будзе паказаны выпуск праекта “Майстры і куміры”, героем якога стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў.













