Тры дні вялікіх юбілеяў на "Беларусь 3"

31.07.2018

Прэс-рэліз

Тры дні вялікіх юбілеяў на "Беларусь 3"

6, 7 і 8 жніўня адразу тры дзеячы беларускай культуры і мастацтва - кампазітар Ігар Лучанок, акцёр Віктар Манаеў і мастак Уладзімір Пракапцоў - адзначаць буйныя юбілеі. Тэлеканал "Беларусь 3" гэтымі святочнымі днямі традыцыйна прапануе ўвазе гледачоў тэматычныя выпускі праектаў, канцэртныя праграмы, прэм'ернае дакументальнае кіно і тэлеверсію спектакля "Мілы чалавек".

6 жніўня да 80-годдзя кампазітара, народнага артыста Беларусі і СССР Ігара Лучанка будзе прымеркавана праграма "Легенды беларускай эстрады. Ігар Лучанок", якая выйдзе ў эфір у 15:45. Ігар Міхайлавіч ужо шмат гадоў паспяхова працуе ў розных жанрах: вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найбольш плённа - у песенным. "Памяць сэрца", "Мой родны кут", "Жураўлі на Палессе ляцяць", "Алеся", "Майскі вальс" - усім песням народнага артыста ўласцівыя яркая меладычнасць і нацыянальная самабытнасць.

У 16:10 тэлегледачы змогуць атрымаць асалоду ад музычнага прысвячэння лёсу і творчасці Ігара Лучанка - канцэрта "Мелодыя лесу", які Белтэлерадыёкампанія запісала на адкрыцці XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2018". На сцэне са спецыяльнай праграмай выступяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Дарэчы, намаганнямі маэстра ўсе тэксты песень Ігара Лучанка перакладзены і выконваюцца на беларускай мове.

Таксама ў гэты дзень прыхільнікі творчасці Ігара Міхайлавіча ўбачаць прэм'ерныя паказы канцэрта і дакументальнага фільма.

У 21:05 у эфір выйдзе юбілейны канцэрт Ігара Лучанка "І пакуль на зямлі існуе каханне…", запісаны медыяхолдынгам на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску - 2018". Музычныя віншаванні юбіляру са сцэны Летняга амфітэатра адрасуюць Ядвіга Паплаўская і Анастасія Ціхановіч, Уладзімір Правалінскі, Макс Лорэнс, Аляксей Хлястоў, Саша Нема, Марына Васілеўская, Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", Андрэй Усанаў і ансамбль "Спадчына", ансамбль "Бяседа", танцавальны праект "M.Y.D.C.", Рафаэль (Ізраіль), Марына Дзявятава, Марк Цішман, Глеб Мацвяйчук, Руслан Аляхно (Расія) і іншыя артысты.

Увазе аматараў дакументальнага кіно "Беларусь 3" у 22:45 прапануе фільм "Я песень не лічу... Ігар Лучанок" (Белтэлерадыёкампанія, 2018 г.), які раскажа пра жыццё, лёс і творчасць знакамітага беларускага кампазітара-песенніка.

У аўторак, 7 жніўня, у 10:20, да 60-годдзя народнага артыста Беларусі, акцёра Купалаўскага тэатра Віктара Манаева тэлеканал "Беларусь 3" пакажа імянны выпуск праекта "Выйсце ёсць".

У 22:50 у эфір выйдзе праграма "Майстры і куміры", якая прапануе нарэзку тэлевізійных перадач з удзелам акцёра. Сам жа артыст падзеліцца сваімі ўспамінамі, распавядзе аб бацьках, адкажа на пытанні, ці шкадаваў ён калі-небудзь, што выбраў менавіта гэтую прафесію, якія ўрокі выхавання ў сям'і ён пранёс праз усё жыццё.

Увазе тэлегледачоў будуць прапанаваныя рэдкія архіўныя кадры, напрыклад, фрагменты спектакля "Радавыя", за які Манаеў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР, і ўрыўкі са спектакля "Тутэйшыя". Яркім элементам праграмы стане і паказ фрагментаў пастаноўкі "Пінская шляхта", за працу ў якой у 2013 годзе Віктар Манаеў быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Акрамя гэтага, 12 жніўня ў 22:25 гледачы "Беларусь 3" убачаць тэлеверсію спектакля паводле камедыі К.Крапівы "Мілы чалавек" (Белтэлерадыёкампанія, 1989 г.). У ролях - Георгій Маляўскі, Зоя Белахвосцік, Віктар Манаеў.

8 жніўня ў 65-ы дзень нараджэння мастака, кандыдата мастацтвазнаўства, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзіміра Пракапцова "Беларусь 3" пакажа ў 22:40 спецыяльную імянную праграму "Струны прасторы і часу".