Прэс-рэліз
З 9 па 25 лютага ў карэйскім у Пхёнчхане пройдуць ХХІІІ зімовыя Алімпійскія гульні. Разам са шматмільённай сусветнай тэлеаўдыторыяй найбуйнейшы спартыўны форум змогуць убачыць і беларускія гледачы. Трансляцыю Алімпіяды традыцыйна будуць ажыццяўляць тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5".
Зімовая Алімпіяда ўпершыню пройдзе ў Паўднёвай Карэі. У 15 дысцыплінах, якія прадстаўляюць 7 відаў спорту, будуць разыграны 102 камплекты медалёў. Нагадаем, Міжнародны алімпійскі камітэт уключыў 6 новых дысцыплін у праграму Гульняў-2018: біг-эйр у сноўбордзе (мужчыны і жанчыны), мас-старт у канькабежным спорце (мужчыны і жанчыны), дабл-мікст у кёрлінгу і камандныя спаборніцтвы ў гарналыжным спорце.
У Пхёнчхан прыбудуць больш за 90 нацыянальных каманд, сярод якіх і нашы лепшыя атлеты. На працягу 17 дзён 28 беларускіх спартсменаў будуць прэтэндаваць на самыя высокія месцы ў спаборніцтвах па біятлоне, фрыстайле, канькабежным спорце, шорт-трэку, у лыжных гонках і гарналыжным спорце.
Белтэлерадыёкампанія як уладальнік правоў на трансляцыю ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў забяспечыць максімальна шырокае асвятленне галоўнага турніру чатырохгоддзя.
У Паўднёвай Карэі будуць працаваць 28 прадстаўнікоў медыяхолдынга, у тым ліку спартыўныя каментатары і спецыяльныя карэспандэнты, рэжысёры, аператары і тэхнічны персанал. Каб як мага лепш данесці да спартыўных балельшчыкаў усю вастрыню спаборніцтваў, пры вядзенні прамых трансляцый зімовай Алімпіяды з Пхёнчхана будзе выкарыстоўвацца вопыт шырокамаштабнага асвятлення папярэдніх Гульняў у Сочы і Рыа-дэ-Жанэйра.
Каменціраваць спаборніцтвы будуць Уладзімір Навіцкі, Аляксандр Казюкевіч, Сяргей Мацкевіч, Аляксандр Дзмітрыеў, Аляксандр Цвячкоўскі, Ганна Любянкова і іншыя прафесіяналы з алімпійскай каманды Белтэлерадыёкампаніі.
Галоўныя цырымоніі ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў убачаць гледачы тэлеканала "Беларусь 1". 9 лютага ў Алімпійскім палацы ў парку Хвэнгэ пройдзе ўрачыстае адкрыццё Гульняў-2018. На гэтым стадыёне завершыцца эстафета алімпійскага агню, далей гледачоў чакае гадзіннае дынамічнае шоу, пасля якога пачнецца парад краін-удзельніц.
Падрыхтоўкай шоу займаюцца 400 чалавек, а ў самім свяце будзе задзейнічана 2000 акцёраў. Яны створаць зімовую казку, поўную ўсходняй гармоніі і светлых чаканняў, у якой распавядуць пра карэйскія традыцыі і паспрабуюць данесці ідэі адзінства, міру і аб'яднання самых розных людзей. Падрабязнасці грандыёзнага дзейства трымаюцца ў сакрэце, але гледачы галоўнага канала краіны могуць не сумнявацца, што ўбачаць усе святы ў прамым эфіры.
Нагадаем, на "Беларусь 1" у рамках праграмы "Панарама" выходзіць праект АТН "Алімпійская віза", які знаёміць з правіламі, тонкасцямі і нюансамі кожнага алімпійскага віду спорту. Якая сярэдняя амплітуда скачка спартсмена ў фрыстайле, чаму лёд на канькабежным стадыёне асаблівы, чым адрозніваецца дыяметр біятлонных мішэняў на стойцы і лежні - разбіраемся разам з карэспандэнтамі, спартсменамі і трэнерамі, якія распавядаюць аб падрыхтоўцы да маючых адбыцца спаборніцтваў.
Падчас саміх Гульняў-2018 традыцыйна пра самыя цікавыя і захапляльныя моманты гледачам распавядуць "Дзённікі Алімпіяды", падрыхтаваныя спартыўнымі журналістамі Белтэлерадыёкампаніі. Яны стартуюць у эфіры "Беларусь 1" 8 лютага. Аператыўныя алімпійскія сюжэты таксама будуць прысутнічаць і ў выпусках "Навін".
"Беларусь 5" на час Гульняў стане алімпійскім каналам, на якім у прамым эфіры будзе паказана максімальная колькасць спаборніцтваў. Вечарам у праграме "Вынікі дня" гледачы змогуць даведацца аб усіх разыграных камплектах узнагарод у гэты дзень, а таксама ўбачыць эксклюзіўныя інтэрв'ю з беларускімі медалістамі.
З-за розніцы ў часе з Паўднёвай Карэяй асноўныя падзеі Алімпіяды будуць адбывацца днём. З улікам гэтага спаборніцтвы з удзелам беларускіх спартсменаў, а таксама самыя яркія старты тэлеканал "Беларусь 5" будзе паказваць і вечарам, у больш зручны для гледачоў час.
Дарэчы, ужо зараз "Беларусь 5" знаёміць балельшчыкаў са спартыўнымі аб'ектамі ў Пхёнчхане і ўдзельнікамі беларускай алімпійскай каманды ў спецыяльных відэароліках "Нашы алімпійцы".
У асвятленні планетарнага форуму спартыўнаму каналу медыяхолдынга прыйдзе на дапамогу і тэлеканал "Беларусь 2", у эфіры якога гледачы таксама ўбачаць усе спаборніцтвы з удзелам айчынных атлетаў.
Белтэлерадыёкампанія запрашае ўсіх спартыўных балельшчыкаў з 9 па 25 лютага сачыць за выступленнямі нашых алімпійцаў разам з тэлеканаламі "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5".












