Прэс-рэліз
7 ліпеня, у дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў спецыяльны тэматычны эфір. У праграме перадач - ігравое кіно паводле твора песняра, хранікальна-дакументальны фільм, спецпраекты "Запіскі на палях" і "Майстры і куміры", тэлеверсія фолк-оперы "Адвечная песня" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і тэматычная канцэртная праграма "Як на свет радзіўся Янка...".
Янка Купала з'яўляецца сімвалам беларускай культуры, бо яго талент шматбаковы і разнастайны: ён быў рэдактарам адной з першых беларускіх газет, напісаў мноства геніяльных паэм, яго п'есы і сёння не страцілі актуальнасці і ставяцца на тэатральных сцэнах Беларусі, а яго вершы перакладзеныя на сотні моў свету.
Тэлеканал "Беларусь 3" таксама захоўвае светлую памяць пра паэта, у дзень нараджэння класіка падрыхтаваў насычаны тэматычны эфір і запрашае гледачоў разам адзначыць 136-годдзе з дня нараджэння аднаго з родапачынальнікаў нацыянальнай паэтычнай думкі.
З 4 ліпеня ў эфіры тэлеканала будзе выходзіць праект "Мой Купала". Гэта цыкл міжпраграмных відэаролікаў, у якіх студэнты творчых ВНУ і вядомыя дзеячы тэатральнага мастацтва і кіно чытаюць свае ўлюбёныя вершы Янкі Купалы.
7 ліпеня адкрые купалаўскі эфір у 14:20 камедыйная стужка Юрыя Цвяткова "Пасля кірмашу" ("Беларусьфільм", 1972 г.) паводле бессмяротнай "Паўлінкі". Згодна з сюжэтам, сялянская дачка Паўлінка кахае сельскага настаўніка Якіма, але яе бацька жадае парадніцца з дваранскім родам і марыць выдаць яе за дурнога і нікчэмнага шляхціца Быкоўскага. Пасля застолля, якое зладзілі бацькі Паўлінкі ў гонар прыезду Быкоўскага, госця ў цемры прымаюць за злодзея і бяруць пад арышт…
Далей у 15:25 у эфіры сацыякультурнага канала выйдуць "Запіскі на палях" - спецпраект пра тое, што не распавядалася на ўроках беларускай літаратуры. Выпуск праграмы, прысвечаны Янку Купалу, правядзе ўрок па няпростым лёсе і жыцці народнага паэта.
Зважаем на тое, што падчас паказу фільма "Пасля кірмашу" і спецпраекта "Запіскі на палях" можна будзе актываваць функцыю схаванага субцітравання.
Падхопіць тэматычны эфір у 15:50 тэлевізійная версія фолк-оперы РТБД "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2015 г.) паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы. Гэтая сучасная пастаноўка - унікальны сінтэз народных матываў і рок-музыкі - не раз станавілася дыпламантам беларускіх і міжнародных тэатральных форумаў.
Увечар у 22:30 гледачы ўбачаць хранікальна-дакументальны тэлепраект "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2012 г.) пра Янку Купалу на тэлебачанні. Фільм распавядзе тэлегледачам пра той відэаматэрыял, які захоўваецца ў архівах медыяхолдынга і так ці інакш звязаны з імем вялікага паэта. Да гэтых касет у розныя гады звярталіся лепшыя тэлерэжысёры, акцёры і мастацкія кіраўнікі тэатраў - для кожнага з іх Купала быў і застаецца сваім.
Завершыць памятны ліпеньскі эфір у 23:20 канцэртная праграма "Як на свет радзіўся Янка...", запісаная генеральным прадзюсарскім цэнтрам медыяхолдынга ў 2017 годзе.
У нядзелю, 8 ліпеня, у 11:40 увазе тэлеаўдыторыі будзе прапанаваны выпуск праграмы "Майстры і куміры", прысвечаны Янку Купалу. У гасцях у вядучай праекта Марыны Драгінай - дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.












