Тэматычны эфір тэлеканала "Беларусь 3" да 80-годдзя Маргарыты Касымавай

04.04.2018
10 красавіка Маргарыце Касымавай спаўняецца 80 гадоў. У дзень нараджэння знакамітай актрысы, рэжысёра і педагога тэлеканал "Беларусь 3" пакажа спецыяльны выпуск праекта "Камертон", драматычныя кінастужкі "Глыбокая плынь" і "Спакуса".

Прэс-рэліз

10 красавіка заслужанаму дзеячу мастацтваў Таджыкістана, прафесару Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Маргарыце Касымавай спаўняецца 80 гадоў. У дзень нараджэння знакамітай актрысы, рэжысёра і педагога тэлеканал "Беларусь 3" пакажа спецыяльны выпуск праекта "Камертон", драматычныя кінастужкі "Глыбокая плынь" і "Спакуса".

Сёння яна выкладае на кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання БДАІ, а яе выпускнікі ўжо самі здымаюць фільмы. У яе творчай скарбонцы 16 ігравых і 30 дакументальных стужак, а за плячамі няпростая гісторыя станаўлення моцнай таленавітай жанчыны-рэжысёра - першай не толькі ў роднай Таджыкскай ССР, але і ва ўсёй Сярэдняй Азіі. Вучаніца Аляксандра Даўжэнкі і Міхаіла Чыяўрэлі, яна ў 1961 годзе скончыла Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі разам з іншымі вядомымі рэжысёрамі - Ларысай Шапіцькай, Віктарам Туравым, Аляксандрам Мітой.

Яе дэбютам у ігравым кіно стаў фільм "Лета 1943 года", які выйшаў у 1967 годзе. Успаміны аб дзяцінстве, што прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны, не адпускалі - яны сталі галоўным і першым, што хацела сказаць Маргарыта Наімаўна як рэжысёр. Калі ў інстытуце студэнтам прапанавалі апісаць самы яркі эпізод свайго жыцця, яна ўспомніла, як да яе суседкі з фронту вярнуўся паранены муж, і ўсе дзеці з вуліцы збегліся да чалавека ў форме - яны думалі, што гэта іх тата… Яе ўласны бацька быў камісарам і атрымаў смяротнае раненне ў баях за Беларусь.

Кровапралітныя падзеі грамадзянскай вайны ў Таджыкістане вымусілі Маргарыту Касымаву пераехаць у пачатку 90-х у Мінск. На той час яна ўжо была ўдастоена ганаровага звання "Заслужаны дзеяч мастацтваў Таджыкістана", аб'ездзіла паўсвету з лекцыямі па кінамастацтве, а яе работы былі прызнаныя і ацэненыя мноствам усесаюзных і міжнародных фестываляў. Аднак, нягледзячы на свой статус, званні і ордэны, у Беларусі ёй фактычна прыйшлося пачаць з чыстага ліста. І, як паказаў час, Маргарыта Наімаўна стойка перажыла цяжкасці, горда заявіўшы аб сабе, сваім майстэрстве і творчасці на ўсю краіну і за яе межамі.

Да дня нараджэння Маргарыты Касымавай 10 красавіка сацыякультурны канал прапануе тэлегледачам два фільмы, знятыя ёю ў 2005-2006 г.г. Меладраматычная карціна "Спакуса" (2006 г.), на сённяшні дзень крайняя работа Маргарыты Наімаўны ў якасці рэжысёра і сцэнарыста, выйдзе ў эфір у 10:25 і 16:15.

Драма "Глыбокая плынь" (2005 г.) паводле раманаў Івана Шамякіна ("Снежныя зімы", "Глыбокая плынь") будзе паказана ў 14:40 і 21:30.

Вечарам у 21:05 тэлегледачоў чакае спецыяльны выпуск праекта "Камертон" з удзелам юбіляра, у якім Маргарыта Наімаўна раскажа пра сваю педагагічную і навуковую дзейнасць, падзеліцца сакрэтамі майстэрства кінавытворчасці, бадзёрасці духу і даўгалецця.

Тэлеканал "Беларусь 3" працягвае слаўную традыцыю ўшаноўвання ганаровых юбіляраў і знакавых фігур культуры і мастацтва разам са сваімі гледачамі.